Дзякуй Б-гу
7361 / 4
18.10.2016

Пінхас Цынман здымае капялюш (аўдыё)

Ён набыў першую гітару у Нью-Ёрку, першы публічны посьпех зьведаў у Тэль-Авіве, а жыве і працуе ў Пінску. Пінхас Цынман дэбютуе ў чарце на Tuzin.fm зь песьняй «Дзякуй Б-гу».

Пінхас Цынман спалучае ў сваёй творчасьці рокавы біт, тонкія й шчымлівыя настроі традыцыйнай аўтарскай песьні, слабыя долі рэгі ды экспрэсію гіп-гопу і рагамафін. Для яго не зьяўляецца праблемай, як выступаць — самому з гітараю ці з бэндам музыкаў. І ў тым, і ў тым выглядзе можна атрымаць усю гамму адчуваньняў ад ягоных вясёлых, часам трохі сумных, часам іранічных, часам філязофскіх твораў. Народжаны ў Менску, сваю першую гітару ён набыў у Нью-Ёрку, а першы публічны посьпех зьведаў на тэлешоў у Тэль-Авіве. Тым ня менш, Пінхас абраў месцам свайго жыцьця ды існаваньня невялікі беларускі горад Пінск, дзе выхоўвае з сваёй жонкай двух дзяцей ды займаецца справамі мясцовай габрэйскай суполкі. Публічна выканаўца пачаў выступаць ня так даўно, але пляны ў яго вялікія — цяпер ідзе працэс фармаваньня поўнага канцэртнага складу групы. Пінхас Цынман выконвае свае аўтарскія творы на іўрыце, ангельскай, расейскай ды беларускай мовах. Таксама ён можа засьпяваць і традыцыйныя народныя габрэйскія песьні й нігуны, а ў якасьці кавэр-вэрсіяў можна часам пачуць у ягоным выкананьні колькі твораў з рэпэртуару ягонага фактычна старэйшага брата — таксама рэлігійнага габрэя, што спазнаў сусьветную камэрцыйную славу — Матасіяху. Сам Пінхас да сусьветнай славы не імкнецца, але нядаўна зладзіў тур па Расеі, Украіне, Ізраілю ды ЗША.

У чарце на Tuzin.fm Пінхас прадстаўляе свой новы твор, пад назвай «Дзякуй Б-гу!». «Чалавек мусіць быць удзячны. Ня толькі за нешта добрае, што нехта яму зрабіў. А найперш за дараваньне жыцьця, магчымасьць мець, што патрэбна, і магчымасьць дасягнуць таго, чаго хочацца», — так прадстаўляе песьню выканаўца. У запісе гэтай кампазыцыі ўзялі ўдзел вядомыя беларускія музыкі — Сяргей Канановіч і Аляксандар Памідораў.

Слухаць на Soundcloud

Пінхас Цынман — Дзякуй Б-гу! (музыка і словы аўтара). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Я пачынаю свой дзень надта рана

Хутка ўстаю, чышчу зубы, п’ю каву

Зарадку зрабіць мне зусім нескладана

у добрым настроі штосьці сьпяваю

Усе атрымаў у жыцьці, што жадаў

У парку аднойчы я разважаў

І голас старога тут раптам спытаў:

Ці дзякуй я Б-гу за гэта сказаў

Пр.

Дзякуй Б-гу што нясуць мяне ногі

За тое, што вядзе праз усе перашкоды

Мог я блукаць усё жыцьцё па дарогах

Дзякую Б-гу я за дапамогу!



І не пасьпеў я назад азірнуцца —

Зьнік той стары, пустой была вуліца

Можа позна заснуў, можа рана прачнуўся,

Можа стаміўся, ці проста пачулася?

 

Час праляцеў але ж я ўспамінаў

Доўга яшчэ, што дзядуля спытаў.

Ды кожны раз, калі ранкам устаю

Б-гу вялікі свой дзякуй кажу!

КАМЕНТАРЫ:

  • Max / адказаць
    22.10.2016 / 09:35

    Выдатна! Гэта лепшае, што можа сказаць чалавек.

  • poh / адказаць
    23.10.2016 / 08:55

    Пінхас Цинман: вакал, тэкст, музыка
    Сяргей Канановіч: аранжыроўка, гітары, бас
    Зміцер Харытановіч: бубны
    Аляксандр Памідораў: вакал
    Аляксандр "Рыба" Хаўкін: прадзюсаванне, аранжыроўка, запіс,
    midi, звядзенне
    Сяргей "Szloma" Лабандиевский: майстарынг

    студыі "RybaRecords" і "Stinger"

  • Esther Ruderman
    Esther Ruderman / адказаць
    23.10.2016 / 12:34

    Отличное произведение!

  • Tanya Platonenko
    Tanya Platonenko / адказаць
    23.10.2016 / 12:36

    Шикарно!))))

  • КАМЕНТАВАЦЬ