Sciana: «Мы ў гульні» (аўдыё)
Гурт Sciana спраўляе 15-годзьдзе і заяўляе з гэтай нагоды, што мае намер працягваць гэты квэст. У аўдыёчарце стартуе іх «Апошняя песьня» — адна з ключавых рэчаў гурта і далёка не фінальная ў творчасьці.
«Апошнюю песьню» па-сутнасьці можна лічыць загалоўнай у сёлетнім дыску гурта, бо менавіта радком зь яе і названы рэліз. Вакаліст каманды Павал Прохараў сьпявае яе з вакалісткай гурта TerraKod Касяй Леванюк. Паша распавядае, што зьявіўся твор з сумнай нагоды: «Я не выдаляю з тэлефоннай кнігі нумары тых, каму ўжо ніколі не змагу патэлефанаваць. І нумароў такіх з кожным годам, на жаль, толькі большае. Гэтая песьня — рэфлексія з чарговай такой сумнай нагоды». Ягоны паплечнік, басіст каманды Андрусь Клімус разглядае твор такім чынам: «Паколькі тэкст тут атрымаўся даволі мэтафарычны, таму ў шырокім сэнсе тэма гэтая — пра час, што ўжо мінуў, пра страчаныя магчымасьці, пра падзеі, якія ўжо адбыліся, пра завершаныя падарожжы і тыя пражытыя імгненьні, што назаўжды застануцца ў тваёй вечнасьці». Музыкі кажуць, што агулам іх «Апошняя песьня» — гэта асэнсаваньне незваротнасьці часу і жыцьця. І паколькі жыцьцё працягваецца, гэтая песьня ня стане апошняй.
Гурт якраз рыхтуецца справіць сваё 15-годзьдзе і рыхтуе з гэтай нагоды вялікі канцэрт у Менску, які пройдзе пад эгідай праекту «Жывы Тузін». Сачыце за навінамі!
Sciana — Апошняя песьня (музыка і словы гурта). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Там, дзе бясконцасьць горных вяршынь
Абдымаюць твае цэпэліны,
Ты пакліч яго пазаві —
Адказу няма, адказу няма.
Там, дзе сьляды мінулых падзей
Ужо не знайсьці на ранішнім сьнезе,
Там гучыць цяпер для цябе
Адно цішыня, адно цішыня.
Мы застанемся,
Колькі з нас
Працягне гэты квэст?
Мы застанемся,
І ў адказ
Ты спачуваеш мне.
Мутнае неба
І вада
Апошняй песьняй.
Мы застанемся.
Мы застанемся.
Зноў новы дзень бягучым радком
Нечаканых сумных навінаў.
Кожны год — нібы пад агнём,
Нібы на вайне, нібы на вайне.
І бессэнсоўныя тысячы слоў.
І ўжо позна прасіць прабачэньня.
Ты застаўся, нехта пайшоў.
А мы ў гульні, а мы ў гульні.
КАМЕНТАВАЦЬ