Эндшпіль
5597 / 0
11.06.2014

SP Kava руйнуе стэрэатыпы (аўдыё)

У новым туры на Tuzin.fm рэп-выканаўца SP Kava прадстаўляе трэк «Эндшпіль», напісаны на верш Андрэя Адамовіча.

Песьня «Эндшпіль» напісаная адмыслова да конкурсу «Засьпявай.BY» і адзначаная большасьцю сябраў журы, уключна з украінскім саўнпрадусарам Уладам Яруном, які зазначыў, што гэты трэк ня мае патрэбы ў дапрацоўцы. SP Kava напісаў яе на верш Андрэя Адамовіча «Яна ведае пахі сноў». «Мне падабаецца ламаць стэрэатыпы. У рэпе не прынята чытаць чужыя тэксты, таму я проста ня мог не пайсьці насуперак гэтаму! Я спадзяюся, што ў мяне ня проста атрымалася добра пакласьці на музыку словы, якія напісаў Андрэй, яны цяпер загучалі крыху па-іншаму і нават з новым сэнсам», — кажа выканаўца.

Аўтар вершу, пакладзенага на музыку, быў трохі зьдзіўлены выбару рэпэра: «Наогул я даўно ведаю SP Kavu, але чамусьці ніколі ня думаў, што ён прачытае мой верш. Таму вельмі зьдзівіўся, калі Юрась прапанаваў сустрэцца, каб я змог паслухаць дэмку. Запіс мне адразу спадабаўся. Адзінае, што мне не падабаецца тэкст. Але гэта мусіць з паловаю аўтараў так адбываецца, чыя вершы кладуць на музыку. Каб ня тэкст раіў бы ўсім слухаць. А чаго ўжо там… Слухайце ўсе! Кідайце справы! Дасылайце сябрам!» — заклікае Андрэй Адамовіч.

Цяпер SP Kava рыхтуе яшчэ адну нечаканасьць, ён запіша свой трэк для праекту «Re:Песьняры».

Tuzin.fm

SP Kava — Эндшпіль (музыка SP Kava, словы Андрэя Адамовіча). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

 

яна ведае пахі сноў у іх зьбірае каноплі на смак

вільгаць гэтага лета льецца наўпрост адтуль

на вячэру ў яе кава і халодны ліванскі гашыш

яна ня ведае лэдзі гадывы ня думае пра стоўнхэндж

камары джаляць яе ў вочы ёй справы няма да іх

сэрца бьецца на шыі яе лічбаю недасяжнай платону

яна ведае показкі жыватом і грудзямі жэстамі

валасы яе памятаюць як зьніштажаць лісабон

рудое цунамі на яе галаве тэорыя супэрструн

яна ня ведае словаў затое трымае ў руцэ матыў

маку віры ў паветры чакае з поўдня ад ранку

па скуры яе можна чытаць гісторыю гэтага сьвету

яна ведае што жыцьцё толькі вада ў келіху існага

яна ведае што час кажан і ня бачыць ён удзень

яна ведае што сэнс звон які заўсёды нясуць за ёй

яшчаркі грэюцца на яе скуры

думкі яе мэтастазамі ахопліваюць сьвет

яе аўтограф вусьціш пасьля біг бэнгу

яе гадзіньнік стаіць але аднойчы пакажа час

яе імя арыядна крычала на наксасе

яна пье нераспушчаны сьпірт

яна ідзе басанож па чыгунцы

яна кажа рыфмаваным ямбам

яна падае на ложак як ноч на аул

яна трымае руку на ўлоньні як за сьпінаю шыбенік

 

яна не памятае правілаў але ведае эндшпіль