Дыяна Громава: «Адкажы, чаму кожны фільм пра нас?» (аўдыё)
У чарце на Tuzin.fm Дыяна Громава прадстаўляе песьню «Адкажы». 19-гадовая сьпявачка пэўная, што гэты твор будзе блізкім для шматлікіх дзяўчат, бо ў ім вядзецца пра самыя важныя пачуцьці.
«Адкажы» — знакавая песьня для Дыяны Громавай. Яна пяе ды ўдзельнічае ў шматлікіх конкурсах і фэстах зь пяці гадоў, але дагэтуль ня мела ў рэпэртуары аўтарскага сьпеву па-беларуску. Гэты твор для яе напісаў Мікіта Найдзёнаў, лідэр гурта Hurma. Cьпявачцы ён прыйшоўся да душы і ад часу прэзэнтацыі песьні на Tuzin.fm займеў папулярнасьць сярод яе прыхільнікаў. «Мяркую, што гэтая песьня блізкая для шматлікіх дзяўчат, бо мы кахаем, разьвітваемся, гэта ж жыцьцё! Вельмі прыемна, што песьню слухаюць ня толькі беларусы. Як ні дзіўна, яна прыйшлася даспадобы ўкраінскім і расейскім слухачам», — распавядае Дыяна.
У свае 19 гадоў Дыяна Громава зьяўляецца ляўрэатам 13 міжнародных конкурсаў. Самая значная зь яе перамогаў — на фэсьце выканальніцкіх майстэрстваў у Галівудзе (2010), дзе яна была прызнаная найлепшай вакалісткай і атрымала прыз за найлепшую песьню. Пра свае далейшыя намеры ў творчасьці Дыяна пакуль не распаўсюджваецца: «Усе свае сакрэты раскрываць ня буду, але магу сказаць, што па хуткім часе пабачыце мяне на тэлеэкране».
Дыяна Громава — Адкажы (музыка і словы Мікіты Найдзёнава). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
Зноў твой плян рушыцца,
Да мяне з ружамі ідзеш
І мой спакой крадзеш.
Ты ўсё браў гульнямі,
Адкажы, скуль жа мы
З табой
Ляцелі над зямлёй.
Быў наш шлях пройдзены,
Што яшчэ знойдзем мы,
Калі
Далей адны пайшлі.
Як недарэчнасьці
Нашы сустрэчы ўсе
Я іх жадаю забыць.
Адкажы, чаму
Кожны фільм пра нас,
Дзе гісторыя заўжды бяз хэпі-энду.
Перажыць зіму,
Сэрца лечыць час.
Усё калісьці завяршаецца, ты ведаў.
Толькі не казаў.
Быў наш дзень сонечны,
мы з табой крочылі
далей,
шчасьлівыя, але
марам быць марамі,
неба зноў з хмарамі,
а ты,
ты думаў не аб тым.
Як недарэчнасьці
Нашы сустрэчы ўсе
Я іх жадаю забыць.
А ты не хвалюйся, каханьне хай самае першае
Забудзецца, нават, калі пасумую цяпер.
А ты не хвалюйся, яшчэ я знайду сабе лепшага,
Лепшага за цябе…
КАМЕНТАВАЦЬ