Новая беларуская музыка: гародніна з прагаламі і нуль у патройных дужках
6906 / 2
26.12.2014

Новая беларуская музыка: гародніна з прагаламі і нуль у патройных дужках

Два эмацыйна падобных адзін да аднаго альбомы гуртоў, якія так проста не адшукаеш праз google, што абавязкова павінныя прысутнічаць у плэеры ў тэчцы з пазнакаю «Belarus NEW».

Гародніна з прагаламі

Праект з банальнай, але арыгінальным чынам напісанай назвай «v e g e t a b l e s» свой магутны патэнцыял засьведчыў летась, калі паказаў свой другі альбом (і першы з жаночым вакалам) пад дзівоснай назвай «Добрый слон, будь здоров и живи долго». Уся іх творчасьць сьведчыць, што, жывучы ў шэрай менскай панэльцы з думкаю пра шэнген, можна стварыць казку, іншую рэальнасьць, другое вымярэньне, дзе цёпла і ўтульна. У альбоме «Now and Then» Vegetables паўстаюць цалкам сьпелай камандай. Яны далей разьвілі гэтую сваю чароўную лінію, калі жывая музыка пераплятаецца з электронікай. У іх трэках стала яшчэ больш драматургіі і мілых дробязяў, якія ствараюць атмасфэру ўсёй праграмы. У гэтым рэлізе ўжо няма адчуваньня, што вакалістка тут у гасьцях. Больш за тое, часам уся гэтая дзея выглядае на канцэптуальны аўтарскі праект Сьветы Варапай, 19-гадовай дзяўчыны, вакальная падача  якой заслугоўвае асобнай ухвалы. Той выпадак калі ўдзельнікі праекту знайшлі сябе і адно аднога ў межах адной творчай канцэпцыі. Яны вартыя нават не разагрэву перад якой Cat Power, а супольнага туру разам зь ёй!

Спампаваць альбом можна на 34mag.net.

Нуль у патроеных дужках

Прачытаўшы прадмову да рэлізу, які абяцаў быў распавесьці пра трагічнасьць чалавечага жыцьця і адчуваньне «ўё…ішчнасьці навакольнага асяродзьдзя», ня надта карцела яго слухаць, бо новы альбом ад Мікіты Васільева, які піша свой праект як (((О))), уяўляўся як нейкае змрочнае нішто. Аднак выйшла памылка ўспрыманьня — «Motherland» цудоўная праца, яна напісаная яркімі фарбамі і зусім не прыгнятае. Можа аўтар і хацеў і распавесьці сумную гісторыю, але дэпрэсу і вусьцішы тут якраз не адчуваецца. Выканаўца стварае фон, на які можа накласьціся які заўгодна слухацкі настрой, бо гэта далікатна вырабленая музыка здольная выклікаць самыя розныя асацыяцыі, асабліва калі не глядзець на назвы трэкаў. Самы каштоўны ды эмацыйны твор з дыску — «Hearse», пік напругі ўсёй праграмы. Не пакідае абыякавым «Sweet Devilry». Не абмінуць увагаю і вакальную кампазыцыю, з дапамогай якой свой талент зусім зь іншага боку дэманструе лідэр гурта BosaeSonca Алесь Кот-Зайцаў. Словы да гэтай кампазыцыі ўзятыя ў Эдгара Алана По, між іншым. (((О))) наогул выглядае пераканаўча, калі змушае рокераў гуляць на сваёй тэрыторыі — згадайма Akute. «Motherland», як і рэліз ад «v e g e t a b l e s» — тое, што абавязкова мае быць у плэеры ў тэчцы з пазнакаю «Belarus NEW».

Спампаваць альбом можна праз УКантакце.

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.by

Тэгi:

КАМЕНТАРЫ:

  • Maksim Subach
    Maksim Subach / адказаць
    01.01.2015 / 19:29

    Вельмі добрая якасная праца

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    17.08.2015 / 13:43

    На вялікі жаль Мікіта Васільеў закрыў праект (((О))) і павыдаляў усе трэкі і акаўнты праекту...
    http://tuzin.fm/article/2303/mikita-vasilieu-zakryu-prajekt-o-ja-apynuusia-niby.html

  • КАМЕНТАВАЦЬ