«Мигающий жёлтый». Пайсьці і не вярнуцца
Запісаць нельга памерці — коску тут можна ставіць дзе заўгодна і не памыліцца. Гурт Юлкі Каціч выдаў дэбютны альбом.
Ад гурта з такой назвай абсалютна невядома чаго чакаць. Але пастаноўка пытаньня цікавая: шыльда «Мигающий жёлтый» выглядае нетрывіяльна. Яе яўна прыдумаў той, хто тонка адчувае стан памежнасьці і падвоенасьці. У гэтым жа жоўтым мірганьні зафіксаваны займальны момант — гэта ж як бы папярэджаньне, што ўжо нельга, але пры гэтым і знак, што яшчэ можна. Самавызначэньне стылю «поп-нуар» інтрыгу закручвае яшчэ болей, ну а фотасэсіі гурта — нібы выразка з часопіса «Крыніца» 1990 году — у стылі такога наіўнага эпатажу.
Праект «Мигающий жёлтый» існуе ўжо чацьверты год, але па факце заявіў пра сябе толькі сёлета, калі паказаў свой дэбютнік «Bingo». Як і належыць (назва ж абавязвае), праца гэтая выклікае неадназначныя пачуцьці. МЖ — сьвядома ці не — зь першага ж трэку адштурхоўвае слухача і наводзіць на яго ў літаральным сэнсе жах, не выкарыстоўваючы пры гэтым гроўлінгу ды электрагітараў. Зусім не выбітны, вымучаны вакал, нібы пяецца ўсё пад дулам пісталета, навязьлівая скрыпка і невыносныя проста клявішы — партыі гэтых інструмэнтаў пры неаднаразовым паўторы могуць давесьці непадрыхтаванага слухача да вар’яцтва. Такім чынам і дасягаецца эфэкт чорнай-чорнай музыкі, запісанай у чорным-чорным пакоі з чорным-чорным провадам на шыі і чорным-чорным балахоне на галаве. Запісаць нельга памерці — коску тут можна ставіць дзе заўгодна і не памыліцца. Такая атмасфэра, якая душу рэальна халадзіць. Пайсьці і не вярнуцца. Выйсьці ў сенцы ды засіліцца.
Канцэпцыя гурта, значыць, у поўным парадку, улічваючы, што галоўнае тут — уласна вершы, зь якіх, трэба разумець, праект і пачынаўся. Музыкі тут пакліканыя ў дапамогу, без надаваньня ім асаблівага статусу стваральнікаў, каб перадаць гэтае вось сьветаадчуваньне паэта. «To jest takie pojebane tango, to są takie zwichnięte tance…» — пяе Юлка Каціч. Яна актыўна выкарыстоўвае ў творах польскую мову (4 песьні на альбоме), трошкі ангельскую (1 песьня), расейскую (усё астатняе). Беларуская адкінутая як непрывабная, непэрспэктыўная, цяжкая для развучваньня — непатрэбнае закрэсьліць.
Музыка МЖ можа выклікаць як ваніты, так і захапленьне, але абыякавасьць — ніколі. Зроблена шчыра і зь непадробнай вераю ў сябе, што ўжо варта калі не трымценьня, дык адназначнай павагі, а пасьля заявы Юлкі пра тое, што яна ўпаўнаважаная сказаць чалавецтву «фру-фру-фру» (найярчэйшая песьня з альбому), дык, можа, нават замілаваньня. Пры пэўнай дапрацоўцы па музычнай і ідэйнай (польскамоўны праект зь Беларусі — чаму б і не?) частцы, больш эмацыйнай падачы (ужо лепш не Арбеніну, а «Барто» тут браць для натхненьня), усё ў гэтага праекту можа атрымацца.
Альбом «Bingo» даступны для праслухоўваньня і спампаваньня на афіцыйным сайце гурта і ў суполцы.
Сяргей Будкін




КАМЕНТАВАЦЬ