The Toobes. Тэатар трох актораў
2356 / 0
05.02.2015

The Toobes. Тэатар трох актораў

Новы альбом The Toobes пакідае ўражаньне відовішчнай тэатральнай пастаноўкі. Бездакорная ігра актораў, выдатна прапісаныя дыялёгі, сюжэт, што трымае ўвагу цягам усёй дзеі, умела падабраныя дэкарацыі…

«Road to the Big Time» — трэці поўнафарматны альбом, запісаны на ўздыме каманды. Яны ўжо здабылі славу ў Польшчы, дзе практычна прапісаліся, пасябравалі з Offspring ды сышліся з амэрыканскім саўндпрадусарам, які зводзіў быў Radiohead. Нібы ён меўся адказваць за гук гэтай кружэлкі, але ў выніку музыкі вырашылі ці тое грошы сэканоміць, ці тое сапраўды зрабіць усё на сваё ўласнае адчуваньне. Даводзіў да ладу кружэлку гітарыст каманды Косьця Пыжоў, сам выдатны гукач, які зьвёў нямала выдатных беларускіх альбомаў. Тэхнічна гэты дыск The Toobes зроблены на найвышэйшым узроўні.

Стас Ламакін як вакаліст тут выглядае нашмат больш выйгрышна, жвава і цікава, чым на папярэднім, сумнаватым і месцамі надта дзяжурным рэлізе «My Generation». Найлепш свае магчымасьці ён дэманструе ў выдатнай баладзе «Angel» з агромністым прывітаньнем Led Zeppelin ды ў безумоўна самай гітовай рэчы з кружэлкі «Say Hello to My Baby». Наогул жа, матэрыял падабраны і скампанаваны такім чынам, што альбом нідзе не прагінаецца. Рэдкая зьява: тут папросту няма слабых месцаў.

Хіба што гэтая выдатна зрэжысаваная пастаноўка наўрад ці разьлічана на ўдумлівага слухача. Па праслухоўваньні яна не застаецца ў памяці, бо чапляе толькі на першым узроўні ўспрыманьня і не пранікае глыбей. Зрэшты, тут разьлік на тых, хто прагне драйву і адрыву па поўнай, бяз пошуку глыбінных сэнсаў. Пра іх пішуць, што яны — найлепшы малады гурт зь Беларусі. І гэта выглядае на праўду, бо такою ёсьць узорная музыка з нашае краіны — зробленая якасна і пазбаўленая нацыянальных прыкметаў. І факт у тым, што гэты ліст зьніадкуль, дасланы па ўсіх магчымых адрасах, пакрысе знаходзіць сваіх атрымальнікаў па сьвеце.

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.by

Тэгi: