Сярога. Гомельскае паўстаньне 2015-га году
2290 / 3
21.07.2015

Сярога. Гомельскае паўстаньне 2015-га году

Рэпэр запісаў альбом «Фэнікс» — працу моцную, вытачаную ў музычным пляне і вытанчаную ў пляне лірыкі.

Назва новага альбому як бы сымбалізуе паўстаньне зь небыцьця колісь папулярнага на ўвесь постсавок выканаўцу «спартовых частушак», які, паводле ўласнага выразу, быў сем гадоў у чыл-аўце. Уласна пра сваё перанараджэньне Сярога абвесьціў двума магутнымі рэлізамі летась — «50 оттенков Серого»  і сайд-праектам «Туфлі гну». Пархоменка гэты час правёў яўна з карысьцю — не па танных кабаках і настальгічных дыскачах сьпяваў «Чорнага бумера», а заняўся самаўдасканаленьнем. Па выніку ягоная фірмовая пацанская кепка разам зь іншымі прыкметамі стылю была адпраўленая на сьметнік гісторыі. Сярога пачаў чытаць — нават не чытаць, а вяшчаць — на тэмы «я і Сусьвет», «я і яны», «я і рэп». Вядома ж, са звыклымі шпількамі ў бок адэптаў стылю («В игре бардак, мурчание ягнят и модная бурда…»), зь неўласьцівым яму раней корпаньнем у сабе. Выйшла так, што ён у пэўны момант замаўчаў і толькі слухаў, мацнеючы ў гэтым сваім маўчаньні, а потым выкінуў назапашаныя эмоцыі. Легенда выдатная, яна агучваецца ў праграмным трэку «Тестамент». Толькі што яе не прадасі. І ў тым, уласна, яе каштоўнасьць.

З выхадам «Фэнікса» Сярогу будуць чакаць папрокі (найперш, канечне, з боку тых, у каго ён асацыюецца з аўтарам гімна пра папулярнае аўто) у поўнай няздатнасьці стварыць гіт. Тут іх сапраўды няма. Тут ёсьць проста ашаламляльны трэк, у якім Сярога размаўляе з самім сабой пра экзістэнцыйныя рэчы («Фэнікс»), чыста баявая лірыка па канонах стылю («Эвэрлэст»), дзіўная тэма-каляж пра Маскву, складзеная з цытатаў са «Зверей», «Бумбокса», Летава і Цоя, і песьня, якая пяецца рыхтык голасам Талькова («Музей мадам Тюссо»). А вось гіта няма. Пацаны ў шоку. Намінаваць на «залаты грамафон» і ўзяць на рынгтон няма чаго. І дзякуй за гэта.

«Фэнікс» — праца моцная, вытачаная ў музычным пляне і вытанчаная ў пляне лірыкі. Тэматычна гэты альбом працягвае «50 адценьняў…». Асабліва трэк «В теме» — фактычна працяг загалоўнага нумару з папярэдняга дыску. Але ўсё ж гэтая праца саступае папярэдняму альбому, дзе практычна кожны нумар — хук з найярчэйшым прадакшнам і прамоўшнам. «Фэнікс» у гэтым пляне ўсё ж не такі аб’ёмны і калярытны, ён сыраваты, нібы кінуты на нейкай стадыі рэалізацыі. Затое ў пляне пранізьлівасьці, адкрытасьці і гранічнай шчырасьці не саступае. Як каго цікавіць такі варыянт экзістэнцыйнага рэпу — дык гэта ягоны ўзор.

Сяргей Будкін

Тэгi:

КАМЕНТАРЫ:

  • Siarhei Balakhonau
    Siarhei Balakhonau / адказаць
    22.07.2015 / 12:14

    Сярога? Так. Паўстанне? Так. І з годам не паспрачашся. Але вось, ці гомельскае - вялікае пытанне.

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    23.07.2015 / 12:37

    А што - гамельчукі выракліся свайго земляка і ня хочуць больш прызнаваць яго за свайго? Ён ж бо і жыве на чужыне, але аніяк не хавае таго, што з Гомелю паходзіць (гл. CD "Хроника парнишки с гомельских улиц").

  • Siarhei Balakhonau
    Siarhei Balakhonau / адказаць
    23.07.2015 / 19:52

    малавата Гомеля ў песнях. можна сказаць, што і няма яго зусім. парадокс -- чалавек мае агромністую аўдыторыю, вялікія сродкі ды магчымасці, а родны горад у яго творчасці застаецца дзесь па маргінэсе і ўсплывае зрэдку або прывідам (калі пра Гомель агульнымі словамі, без назвы і без канкрэтыкі), або дзеля "красного словца" (калі і слова "Гомель" не саромееца вымавіць, і ў любові прызнацца не грэбуе). зрэшты, хто мы такія, каб дыктаваць творцу тое, што ён павінен рабіць?! але ж асадачак усё адно застаецца.

  • КАМЕНТАВАЦЬ