
Пяць пэрлінаў ад Clover Club
Новы рэліз гурта Clover Club «Five Bones» варты ўхвалы за выдатную беларускую ангельскую ў прыватнасьці і агулам за небанальнае музычнае мысьленьне ды ўменьне падаць сябе прыгожа.
Калі беларускі выканаўца сьпявае па-ангельску, у большасьці выпадкаў ён выклікае жаль і паблажлівасьць. Нават ня знаўцу моцна рэжа вуха яго вымаўленьне і чыста тутэйшая правінцыйнасьць і заціснутасьць. Сьпеў жа на гэтай мове вымагае надзвычайнай разьняволенасьці, арыгінальнай падачы ды глыбокай пагружанасьці ў матэрыял. Для беларусаў, якія выносяць з школьных урокаў ангельскай пару заштампаваных фразаў, гэтая задача вельмі няпростая. Гурт Clover Club у гэтым пляне — узор. Гэта самая брытанская з усіх беларускіх камандаў.
Прытым пра прыпадабненьне да некага не вядзецца. Вольга Цяшкевіч, Дзьмітры Кацяшоў і Наташа Куніцкая стварылі цалкам арыгінальны творчы прадукт, добра прадуманы мэлядычна і прыгожа запакаваны. У іх новым міні-альбоме — пяць песень, адна лепшая за іншую. Музыкі з Clover Club сьцьвярджаюць, што ў параўнаньні з дэбютнікам яны самі пасталелі, а іх гучаньне моцна зьмянілася. Але нічога такога — усе адметныя рысы гурта тут цалкам захаваныя: фірмовы лёгкі шал Вольгі-Патрык, драйв, які сыходзіць ад клявішніцы Наташы-Наці ды інтэлігентная стрыманасьць гітарыста Дзімы-Гэнры. Гурт адмовіўся ад бас-гітары, але іх музыка ад гэтага не пацярпела. Прытым і самапаўтораў у «Five Bones» не заўважана. Ёсьць агульны стыль, які найбольш яскрава ілюструюць «On rewind» на мінулым альбоме і «Supermind» на гэтым. Але згаданая песьня тут не вызначальная, бо ёсьць зусім адрозная ад яе па настроі «East China Shore» (мусіць, зь яе было б лягічна пачаць альбом), бадай што найбольш цікавая ў музычным пляне «Frank The Bone Collector», энэргетычна моцны нумар «NIM» і вельмі стылёвая і кранальная рэч «Stripper». Пяць пэрлінаў, ні даць ні ўзяць.
Clover Club — Five Bones, 2014
Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.org
КАМЕНТАВАЦЬ