Проста, даступна і шчыра
1777 / 0
26.11.2013

Проста, даступна і шчыра

Новая праца праекту Ганны Хітрык не расчаруе і ня зьдзівіць яе прыхільнікаў. Фактычна гэта тое ж, што і «Дзецідзяцей», нават на староньні погляд.

Калі другая частка «дзяцей» у асобах Міхася Зуя і Зьмітра Ясеневіча грае істотна іншую музыку ў межах праекту ili-ili, то Хітрык з кампаніяй прадказальна трымаецца ў межах абранага калісьці стылю. У альбоме пераважаюць лірычныя кампазыцыі, перапоўненыя сьветлым сумам (нават калі яны з жыцьцярадаснай назвай «Рыжий»). Нават дзіва бярэ, як такія скрушныя песенькі атрымліваюцца ў вонкава жыцьцярадаснага чалавека. Інструменты тут мусяць суправаджаць паэзію і вакал Ганны, тужлівая віялянчэль падкрэсьлівае настрой кампазыцыяў, гітары ж асабліва разгарнуцца няма дзе. Усе нумары выпеставаныя як сьлед: анічога не вытыркаецца, альбом надзвычай роўны. На канцэртах гурта сытуацыя выглядае інакш, а таму немагчыма атрымаць поўнае ўяўленьне, чым ёсьць S°unduk, толькі праслухаўшы іх альбом.

S°unduk — гэта практычна эталён жаночай музыкі. Ганна мае неверагодную харызму, пазнавальны голас, яе сьпевы надзвычай мэлядычныя. Пад роўнасьцю песень тут маецца на ўвазе тое, што практычна кожны з апублікаваных 13 трэкаў можа зрабіцца вашым улюбёным, натуральна, калі вы здольныя суперажываць. А вылучыць можна найперш нумар «Мир» — магутную да глябальнасьці песьню, вартую харавога выкананьня на якім грандыёзным дабрачынным канцэрце. Ганна тонка адчувае сьвет, таму і выкладае свае думкі так проста, даступна і шчыра. Чакаем абяцанага беларускамоўнага альбому!

Дыск «Том ІІ» можна набыць на канцэртах гурта, а таксама замовіць праз сайт.

Паслухаць «Том ІІ» можна на старонцы гурта УКантакце.

SB, Tuzin.fm/Budzma.org