«Серебряная свадьба». Усё і нічога
2243 / 0
16.10.2015

«Серебряная свадьба». Усё і нічога

Кабарэ-бэнд «Серебряная свадьба» запісаў шыкоўны альбом. Ім могуць ганарыцца расейцы, а для беларусаў ён мусіць стаць дакорам.

«Свадьба» — на сёньня, бадай, самыя вядомыя ў Расеі беларускія музычныя гастарбайтэры (разам з Каржом, канечне). Жывучы тут, яны ўсю сваю энэргію скіроўваюць на неабсяжную тэрыторыю суседзяў і маюць там посьпех. Найперш таму, што віцяблянка Сьвета Бень настолькі тонка адчувае расейскае слова і расейскую душу, што ўлюбляе ў сваю музыку і ў створаныя ёю вобразы на сцэне мамэнтальна. І тут няма ані каліва падману, каньюнктуры і камэрцыйнага разьліку. Аўтарка жыве ў гэтым сьвеце — вялікай (без іроніі) расейскай паэзіі. Таму і зьявілася цудоўная «Чёрная речка», таму і «природа чемодана такова». Таму «Серебряная свадьба» і выглядае на зьяву на постсавецкай расейскамоўнай музычнай прасторы, дзе таўчэцца неймаверная колькасьць людзей, якая імкнецца ўразіць публіку, але можа прапанаваць усё што заўгодна, акром Сапраўднасьці.

Альбом «Музыка — усё» прасіўся на сьвет доўга. Некаторыя песьні зь яго Бенька выконвае здаўна, і наогул яна з спэцыяльнасьці рэжысэр лялечнага тэатру і ў душы застаецца дзіцём, нягледзячы на свае 42. Гэты альбом можа выклікаць сьлязу замілаваньня і прыступ настальгіі ў дарослых, бо выклікае сталыя асацыяцыі з паэзіяй Хармса і Міхалкова ды мультом пра «коробку з карандашами», а дзетак — проста зачараваць пранікнёным шчырым голасам і забаўнымі гісторыямі з жыцьця вясёлай сямейкі, паводле якіх хоць ты сэрыял здымай. Бенькін непадробны вакал ды ўвесь гэты магічны інструмэнтарый у сукупнасьці даюць ажно такога эфэкту, што пачынаеш адчуваць пах месцаў, дзе адбываецца дзея, — гаража дзядзі Віці, напрыклад.

Замілаваньне ёсьць, але гонару няма, бо гэта праца на чужой дзялянцы. Выдатны альбом «Свадьбы» ёсьць дакорам і напамінам беларусам пра тую сытуацыю, якая існуе ў нашай культуры. Дзеткі па-беларуску не разумеюць, дзеткі па-беларуску не чытаюць, бо для дзетак ніхто не адкрывае паэзію, пісаную для іх Багдановічам, Віткам, Агняцьвет, Барадуліным, Караткевічам, Танкам, Артурам Вольскім, Васючэнкам, Хадановічам урэшце. Для дзетак ніхто не стварае гульні, не малюе мульты і не здымае фільмы па-беларуску. Для дзетак ніхто не пяе і не прысьвячае ім цэлыя праграмы, і не расказвае ім гісторыі пра прывідаў і чароўных маленькіх жучкоў пад акампанэмэнт швабрабраса на той мове, якая магла быць іх роднай. Відаць, беларусы такога праекту, як «Серебряная свадьба» яшчэ не заслужылі, так што давайце хоць парадуемся за расейскамоўных дзетак, якім каманда зь Менску зрабіла такі выдатны падарунак.

Сяргей Будкін, Tuzin.fm для budzma.by