Чыста свойскі фрык-эмбіент
2572 / 0
22.04.2014

Чыста свойскі фрык-эмбіент

«Сьпірт і жоўць расьпятага Тэзэя» — яскравы прыклад таго, што можа адбыцца, калі літаратар памяняе тэкставы рэдактар на музычны. Пісьменьнік Сяргей Балахонаў вырашыў зайсьці на тэрыторыю Цемры і запісаў уласны альбом у стылістыцы, блізкай да эмбіенту ды апакаліптычнага фольку…

…а прасьцей кажучы проста дарваўся да кампа ды ўсялякіх ручак-круцёлак і моцна зацікавіўся магчымасьцямі дэфармаваньня голасу і рознымі гукавымі спэцэфэктамі. Выйшаў чыста свойскі фрык-эмбіент, які мог паўстаць толькі ў Гомелі і толькі на кампутары Балахонава. Сам Сяргей называе свой стыль dark neoskomorokh folk. Калі шукаць больш дакладнага найменьня гэтай дзівоснай працы, то яе можна назваць першым беларускім альбомам-коўбам, бо на закальцаваных фразах-акцэнтах пабудаваная большасьць трэкаў. Найбольш эфэктна і да тэмы гэты прыём выглядае ў творы «Гэта стабільнасьць нагадвае сьмерць». Аднак некаторыя трэкі хіба пакліканыя давесьці слухача да зьнямогі, а то і да шаленства («Вне всего этого» слухаць асабліва напружна).

Балахонаў, бывае, чытае cвае і чужыя вершы на якім-небудзь забаўным гукавым фоне — пад стрэлы аўтамата, напрыклад, у «Эфірным скавышку» Міхася Стральцова, але «Сьпірт і жоўць» не назавеш аўдыёкнігай. Гэта менавіта экспэрымэнтальная праца, дзе ў роўнай ступені экспэрымэнты адбываюцца з музыкай і са словам. Часам трэкі выглядаюць на нейкі трэшавы аўдыёспэктакль, як жудзік пра зомбі «Цяпло вашых целаў» ці гісторыя з сумным канцом пра ката, «які не хацеў заткнуцца».

За кожнай з гэтых гукавых гісторыяў хаваецца тонкая іронія, што для абранага жанру ня тое каб было ўласьціва. Гэта хутчэй сьветлы эмбіент, лёгкі кпін з таго, што на поўным сур’ёзе робяць у нас такія праекты, як Dromos ці Kosmodromm. Але не сьцябалава, а шчырая спроба паспытаць на сабе гэты кірунак ды спалучыць неспалучальнае — верш «Жопкіна ёсьць Жопкіна», напрыклад, з тонкай мэлядычнай электроннай аранжыроўкай. Ну і шыкоўны бонус у выглядзе канкрэтнага сьпеву «Пра ізраільскага салдаціка» давяршае справу. Безумоўна, адзін з самых арыгінальных беларускіх альбомаў апошніх гадоў, якому проста наканавана застацца ў гісторыі беларускай электроннай музыкі.

Сяргей Балахонаў — Спірт і жоўць распятага Тэзэя, інтэрнэт-рэліз, 2013.

Спампаваць можна на http://www.mazdzalina.org/

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.org