Залезьці ў пятлю і выжыць
Кожны ратуецца ад «адзіноты на стадыёне» як можа. Чарапко вось п’е і піша потым дзівацкія тэксты, якія з аднолькавым посьпехам можна прымаць як за адкрыцьці дамарошчанага філёзафа, так і за практыкаваньні акына-графамана.
Але трэба прызнаць галоўнае — аўтар пакутуе. У песьнях з «Фобосу» адчуваецца амаль фізычны боль лірычнага героя, які прыносіць яму штодзённае сутыкненьне з рэчаіснасьцю. Ад таго ў яго не зусім сьветлай галаве пануе такі вэрхал і нараджаюцца расплывістыя вобразы, якія не заўжды проста расчытаць. У гэтым бязладзьдзі бачная толькі неўпарадкаванасьць думак ды поўная незадаволенасьць сабой і гэтым сьветам, у якім «цифровые эффекты дороже тебя» («Киберпанк»). Так можа прамаўляць чалавек, які хоча згубіцца, дасканала ведаючы пры гэтым дарогу дамоў.
«Петлю пристрастия» запісваюць ледзьве не ў ратавальнікі сапраўднага расейскага року. І праўда — трэба яшчэ пашукаць гурт, не расьпешчаны слухацкай увагай і не сапсаваны шоў-індустрыяй, які грае непрыдуманыя песьні. Гэта ня высмактаныя з пальца словы, рыфмы і вобразы, яно пражыта і выплюнута ў тым самым аўтэнтычным і непрычасаным выглядзе. «Фобос» — альбом, пазбаўлены штампаў, ён зроблены ў фармаце абсалютна свабоднага творчага выказваньня, а гэта мае вялізарную каштоўнасьць у наш час татальных прыпадабненьняў і паразытаваньня на чужых здабытках.
У гэтай працы ня так шмат нятленак, чым на папярэдніх альбомах, індэкс цытаваньня яна таксама мае яўна меншы за ранейшыя рэлізы гурта. Нібы і ўменьне гіпнатызаваць у вакаліста трохі саслабла. Але ня скажаш, што «Фобос» горшы за «Гипнопедию» ці «Всем доволен». Ён проста іншы. У тым ліку і ў музычным пляне — «Петля» знурылася яшчэ глыбей у пошуках сырога і гразкага гучаньня. Нечакана на гэтым тле слухаецца фінальны нумар «Гумункул», які можна было б назваць лёгкім і фарматным, каб толькі не паранаідальны тэкст. Гэтыя песьні зусім не ўлюбляюць у сябе, але яўна пакідаюць сьлед. І тут ужо ня важна, праймае чарапкоўскі сьпеў да дрыжыкаў ці выклікае ваніты. Што істотна — кожны можа знайсьці сваё ў гэтых нагрувашчваньнях словаў.
Да безумоўных посьпехаў альбому можна аднесьці «ТЭЦ», «Я и алкоголь» і абсалютна выдатны псыхадэлічны трэк «Оно».
Спампаваць альбом можна на лэйбле «Пяршак».
SB, Tuzin.fm/Budzma.org
КАМЕНТАВАЦЬ