«СлушатьВнаушниках». Габрэі выйшлі з-пад кантролю
2217 / 0
10.07.2015

«СлушатьВнаушниках». Габрэі выйшлі з-пад кантролю

Зьмешаная беларуска-ізраільская музычная зборная на чале з культавай асобай беларускага андэграўнду 90-х Барысам Штэрнам прадставіла дэбютны альбом — антыфарматны, непрадказальны, беспадкантрольны, карацей.

Штэрна ўжо больш за 10 гадоў не відно ў Беларусі, але ён тут ёсьць. Яго добра памятаюць тыя, хто ў 90-я слухаў радыё і хадзіў на нефармальныя вечарыны. Штэрн быў дыджэем «Бі-Эй», пісаў вершы, граў дахазьяжджальныя тэмы зь Лібэрзонам і сам ладзіў канцэрты. У 2003-м Барыс, які на той час быў пры кіраўніцтве Першага музычнага канала, узяў ды абвесьціў публічна пра сваю эміграцыю ў Ізраіль дзеля каханай. Тут ён працуе тэлежурналістам ды працягвае пісаць небанальныя вершы і тэксты да песень. Калі хто ня ведае, то дзіўнаваты сьпеў пра віславухую прынцэсу ў выкананьні «J:морс» — гэта ягоных рук справа.

У сваім новым праекце Штэрн згуртаваў вакол сябе музыкаў з Ізраілю і Беларусі, якія забясьпечылі выдатнае суправаджэньне ягонай паэзіі. Хоць тут слова перадусім, «СлушатьВнаушниках» не назавеш звыклай аўдыёкнігай, у якой вершы чытаюцца пад ненавязьлівы і ў той жа час неабавязковы акампанэмэнт. Музыцы тут адведзеная істотная роля. Штэрн толькі акрэсьлівае сваімі словамі межы гэтай прасторы, якая неабсяжная настолькі, што тут ёсьць дзе разгуляцца электроншчыку («О боксе как принципе»), джазмэну («Стоп») і нават Нарушэвічу зь яго непадкантрольнай розуму і сэрцу гітарай («Момент потерянной эйфории»). Сам Штэрн сьпяваць умее наўрад ці — прынамсі ў дадзеным альбоме ён гэтыя свае здольнасьці не дэманструе. На мікрафон ён нагаворвае дакладным дыктарскім голасам, часам зьбіваючыся ледзьве не на рэп. Пры гэтым слухаць яго ня сумна, бо вытанчана трымаюцца паўзы, як, напрыклад у трэку «Наполовину». Настрой ствараецца адразу ж, разам з расстаноўкай акцэнтаў — у першым нумары «Правила», у тым куплеце, дзе пра нелюбоў да людзей у спартовай адзежы. А яшчэ ж, канечне, выдатная лірыка — асабліва пра «так холадна, што мне прысьніўся сьнег» («Так холодно»). Вельмі цікава раскрываецца Штэрн у трэку «Храм» — адзіным беларускамоўным тут, які аўтар называе самым габрэйскім на альбоме — праз тое, што сабраны з цытатаў з розных габрэйскіх тэкстаў.

«СлушатьВнаушниках» — праект студыйны і, можа быць, нават аднаразовы, зроблены з разьлікам на доўгае і ўдумлівае праслухоўваньне, але ж дужа цікава ён мог бы выглядаць і ў жывым выкананьні — зь піяністам, гітарыстам, бубначом.

Сяргей Будкін