Выпрабаваньне акустыкай
2356 / 0
27.11.2013

Выпрабаваньне акустыкай

Новы міні-альбом ад гурта :B:N: можа прэтэндаваць на тое, каб звацца сёлета самым нечаканым рэлізам у нашай музыцы. Адна з самых «гучных» ды экспрэсіўных камандаў на айчыннай рок-сцэне вырашыла перазапісаць свае песьні ў акустыцы. Шэсьць твораў розных часоў набылі іншае жыцьцё.

Гэтая праца сапраўды адкрывае гурт на чале з Алесем Лютычам наноў. Яго можна катэгарычна раіць на добры пачатак тым, хто яшчэ не абазнаны ў творчасьці :B:N:. Ён безумоўна парадуе даўніх прыхільнікаў, уключна з тымі, каго расчаравала даволі кволая апошняя студыйная праца гурта «Крок за крокам». Тон задае першы трэк — «Не трывай», зь якога ўласна і пачалася ўся гісторыя «Акустыкі». Загалоўную песьню з свайго другога альбому 9-гадовай даўніны музыкі вырашылі выконваць пару гадоў таму на сваіх электрычных канцэртах у камэрным варыянце. Экспэрымэнт прайшоў «на ўра», такім чынам зьявіліся яшчэ некалькі акустычных вэрсіяў іншых песень. Зрэшты, выбар твораў для міні-альбому аспрэчыць можа кожны, бо ня трапіла сюды, напрыклад, галоўная баляда «бээнаўцаў» — «Дажджамі» ці даўні гіт «Толькі я» ды мала што яшчэ. Затое новае шыкоўнае гучаньне набылі творы «Цягнік» і «Паэты», у арыгінале пяяная з Вольскім. Да кожнага нумару музыкі падыйшлі адказна — ня проста перайгралі кампазыцыі, а творча іх пераасэнсавалі, часам зусім да непазнавальнасьці. Дзіва, але той самы фірмовы «бээнаўскі» драйв пры гэтым захаваўся, дзякуючы эмацыйнаму вакалу Лютыча, які лішні раз давёў, што здольны ня толькі выкрыкваць у мікрафон адрывістыя фразы. Вялікая заслуга ў тым, што праца выйшла ўдалай, належыць таксама Зьмітру Харытановічу, бубначу гуртоў Pomidor/off, Drum Ecstasy і Hasta la Fillsta, які зь нядаўняга часу ўвайшоў у склад :B:N:. Можна толькі хіба пашкадаваць, што падчас запісу музыкі не скарысталі дадатковых інструмэнтаў, як тое бывае пры стварэньні падобных праграмаў. Зрэшты, толькі з гітарай ды пэркусіяй песьні Лютыча гучаць зусім не па-сіроцку.

Іспыт акустыкай было б варта прайсьці кожнай беларускай рок-камандзе. Што да :B:N:, то яны яго здалі пасьпяхова. Замацаваць посьпех альбо расчараваць яны мусяць па восені, калі выйдзе другая частка «Акустыкі».

Спампаваць можна па гэтай спасылцы альбо на сайце «Эўрарадыё».

SB, Tuzin.fm/Budzma.org

Тэгi: