Абсурдны беларускі ракенрол
Гурт «Тлушч» могуць палюбіць тыя, каму даспадобы абсурдысцкія тэксты ў стылі раньняга Міхалка і позьняга Вольскага, якія суправаджае няроўны іранічны вакал ды да жаху брудныя гітары.
Нейкі разумнік усё ж угаварыў музыкаў з гурта «Завулак Vinny Stigm’ы» зьмяніць назву на больш чытэльную ды запамінальную. Цяпер яны завуцца «Тлушч» і тым самым рызыкуюць быць паблытанымі зь іншым «каляпанкрокавым» гуртом — «Тлуста луста». Але ў тым цікавасьць ды інтрыга — калі «Завулак…» ужо меў сякую-такую вядомасьць у вузкіх колах, то «Тлушчу» давядзецца заваёўваць сваю публіку наноў.
Іх могуць палюбіць тыя, каму даспадобы абсурдысцкія тэксты ў стылі раньняга Міхалка («Мы з маёй гірлой заточым пару фруктовых ільдоў») і позьняга Вольскага («Думаеш, што ў гэтым вінаваты Гаўс, празь яго паедзеш ты балоты паўз?»), якія суправаджае няроўны іранічны вакал ды да жаху брудныя гітары. Справа абыходзіцца бяз бруднай лаянкі і праклёнаў на адрас сыстэмы. Яны працуюць у фармаце кароткага выказваньня-намёку — даўжыня большасьці трэкаў не сягае і дзьвюх хвілінаў, і ўцямнага пасылу яны ня маюць. Вакаліст каманды Паша Белы навучыўся пісаць песьні такім чынам, што яны з аднолькавым посьпехам могуць прагучаць як на падпольнай паці аматараў «Ляпісаў», так і на «бээрэсэмаўскай» вечарыне. Чаго варты толькі загалоўны нумар альбому — верх абсурду пра тое, што нас яднае толькі тлушч. Ці сумная гісторыя пра хлопца, якога выпраўляюць адбываць разьмеркаваньне, а для яго сталічных сяброў у гэты час у клюбе «мочаць рок „Зьвяры“». Сярод усяго гэтага вэрхалу вылучаецца мілая і лірычная баляда «Кінатэатар Вільня» (ня блытаць з старым баевіком гурта «КальЯн» — «Кінатэатар Радзіма»).
«Тлушч» прапануе такі лайтовы панк-рок з чыста беларускім калярытам, каб граць сабе ў ахвотку, ня здраджваць сумленьню, але пры гэтым не асабліва нарывацца на непрыемнасьці.
Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.org
КАМЕНТАВАЦЬ