Viasna
Гурт Ulyanica прэзэнтуе ў першым туры альбомнага чарту сэзону 2018/2019 сваю працу «Viasna», якая была прызнаная найлепшым дэбютным і найлепшым фольк-альбомам году на ўзнагародах Experty.by.
Ulyanica — этна-джазавая каманда з Польшчы, творчасьць якой заснаваная на беларускім фальклёры. Асаблівая цікавасьць — да культуры і звычаяў Палесься. У свой дэбютны альбом музыкі ўключылі 11 твораў, якія аб’яднаныя вясноваю тэмаю. «Мы ўспрымаем вясну як унутраную трансфармацыю, абуджэньне і захапленьне над невытлумачальнай праўдай, якую нясе родны фальклёр. Адбываецца сапраўдны цуд, калі аб’яднаць два неўтаймаваныя элемэнты — джаз і этна», — кажа пра альбом заснавальніца гурту Ўльяна Гедзік. Яна паходзіць з Палесься, зь сям’і музыкаў, скончыла ў Познані Акадэмію музыкі па кірунку «вакальны джаз» і была сярод пераможцаў і ляўрэатаў на шэрагу джазавых фэстаў. Акром вакалу Ўльяна запісала для альбому партыі скрыпкі, а дапамаглі ў запісе Томаш Солтыс (фартэпіяна), Раман Хранюк (бас), Адам Загурскi (барабаны), Патрык Рынкевіч (труба), Вiталь Воранаў (беларускiя дуды).
Альбом «Viasna» выйшаў у кастрычніку 2017 году на польскім лэйбле For Tune. Яго з прыязнасьцю ўспрынялі, як польскія, так і беларускія музычныя крытыкі. «Гурт знайшоў залатую сярэдзіну ў спалучэньні аўтэнтыкі і лірызм народнай музыкі з натуральнай формай джазавай імправізацыі», — зазначае польскі блогер Рафал Ратайчык. «Нашыя родныя народныя песьні тут арганічна сплеценыя з кананічным джазам, пры гэтым атрымалася і прафэсійна, і небанальна», — піша аўтар Experty.by Ягор Цывілька. Па выніках 2017 году гэты альбом перамог адразу ў дзьвюх намінацыях на ўзнагародах Experty.by — як найлепшы фольк-альбом і як найлепшы дэбют у беларускай музыцы.
Цалкам альбом праслухаць і набыць можна на сайце лэйбла For Tune.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ