Surreal Drama. Пасланьне з краю сьвету
3312 / 0
10.12.2014

Surreal Drama. Пасланьне з краю сьвету

Дэбютны альбом электроншчыка Surreal Drama — рэдкая радасьць для аматараў старых добрых Massive Attack ды іншых адэптаў брыстальскага саўнду.

З часоў альбомаў гуртоў B-Side і CherryVata ў беларускай музычнай прасторы такога рэлізу не здаралася. Так гістарычна склалася, што трып-гоп у нашых краёх неяк абмінаюць увагаю. Тое, што прапануе дасюль невядомы нікому праект, на гэтым фоне як глыток чыстага паветра.

«Surreal Drama» — канцэптуальная праца, прадуманае да дробязяў музычнае палатно з моцнымі стрыжнявымі трэкамі, што поўняцца таямнічымі разнастайнымі гукамі і цытатамі. Прысьвячаецца ўсё гэтае смакоцьце стужцы «Твін Пікс», мяркуючы з таго, што раз-пораз словы герояў фільму ўсплываюць сярод гэтага мэлядычнага скрыгату і шуму. Прычым у тым самым кананічным перакладзе з 90-х на расейскую, што падкрэсьлівае асаблівасьць успрыняцьця матэрыялу. Выглядае на запаволенае ў часе пасланьне з краю сьвету, дзе замежныя фільмы і кнігі даходзяць да публікі выключна ў перакладах.

У альбоме няма ніякіх прарываў і сьмелых музычных рашэньняў. Прыхільнікам стылю гэты матэрыял можа падацца наогул састарэлым і другасным. Тым ня менш ад трэку «Inside» гэтая праца захапляе і забірае з сабой, адпускаючы толькі на «Outside». Тут ёсьць месца для цуду, як, скажам, трэкі «Eraserhead» (верх альбому!) ці «Reflection», якія цалкам самадастатковыя і без прывязкі да канцэпту (у адрозьненьне ад «Diana» ці «25 Years»). Зьвяртае на сябе ўвагу насычаны і прадуманы саўнд. Магчыма, ён рабіўся ў хатніх умовах, але гэтая акалічнасьць тут практычна не заўважная, бо Surreal Drama выглядае на абсалютна сьпелы ў творчым пляне праект. А ў сувязі з поўнаю нястачаю такой музыкі яны наогул могуць пачувацца каралямі стылю. Безумоўна, што пры наяўнасьці жывога складу каманда толькі выйграе.

Лінч можа гэтых музыкаў і не заўважыць, але Surreal Drama цалкам здольная запісаць адметны саўндтрэк да якога-небудзь беларускага містычнага трылеру, калі такі нехта наважыцца зьняць.

Surreal DramaSurreal Drama, 2014

Спампаваць рэліз можна на Ultra-Music

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.by

Тэгi: