Продолжение
Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песьняры» выдаў новы альбом «Продолжение», выхад якога прысьвечаны 15-годзьдзю сучаснага складу калектыва.
Ансамблю «Песьняры» налета споўніцца 50 гадоў. Амаль 33 гады ім кіраваў народны артыст Уладзімер Мулявін і ўжо 15 гадоў калектыў працуе безь яго. Альбом «Продолжение» — гэта ўжо сёмая студыйная праца сучаснага складу ансамбля. Яе аснову складае новы матэрыял.
«За 15 гадоў мы далі каля 1500 канцэртаў у Беларусі і за яе межамі. Акрамя суседніх краінаў, гэта таксама Францыя, Кітай, Віетнам, Лібан ды іншыя. Ужо досыць даўно матэрыял эпохі Ўладзіміра Мулявіна і новыя песьні нават за мяжой гучаць у аднолькавых прапорцыях. Прыкладна палова песень — заўжды ў нас на беларускай мове. Справа Ўладзімера Мулявіна працягваецца, адсюль і назва дыска», — распавядае мастацкі кіраўнік ансамбля «Песьняры» Раман Козыраў.
Большасьць песень альбома «Продолжение» цалкам напісаная ўдзельнікамі ансамбля. Дзьве кампазыцыі на вершы клясікаў: Янкі Купалы («Генацвале»), а таксама пісьменьніка XIX cтагодзьдзя Іпаліта Клімашэўскага («Я ліцьвін»). Акрамя гэтага на альбоме ўпершыню выдадзена беларуская вэрсія палянэзу Агінскага з тэкстам Вячаслава Шарапава. Таксама на дыску ёсьць дзьве апрацоўкі песень часоў Уладзімера Мулявіна: «Стася» і «Чаму ж мне ня пець». Новая плытка ансамбля запісаная і зьміксаваная на студыі «Песьняроў» у Менску.
Альбом «Продолжение» дасяжны на ўсіх галоўных лічбавых пляцоўках, у тым ліку iTunes і GooglePlay. CD з дастаўкай па Беларусі можна замовіць у інтэрнэт-крамах Multidisc.by і Discoland.by.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ