V
Гурт Akute возьме ўдзел у альбомным чарце на TuzinFM з альбомам «V», у якім дэманструе сваё новае гучаньне.
У пятым студыйным альбоме магілёўскія музыкі працягнулі свае экспэрымэнты. Гэтым разам — з электронікаю. Стас Мытнік і Раман Жыгараў кажуць, што «V» розьніцца ад папярэдніх працаў найперш тым, што яны ўсё зрабілі цалкам самі, уключна з запісам і зьвядзеньнем матэрыялу, на ўласнай хатняй студыі StaneskaMusic. «Гэта нашая першая спроба ў саўнд-дызайне і мы ёй цалкам задаволеныя, бо песьні аформленыя менавіта так, як яны гучалі ў нас у галаве», — кажа Стас.
Другая адметнасьць гэтае працы для Akute — непасрэдна гучаньне. Упершыню ў запісе песень для гэтага альбому былі скарыстаныя сынтэзатары, што істотна разнастаіла музыку каманды. А па-трэцяе, у запісе песень узялі ўдзел запрошаныя госьці — Дзяніс Астапаў («Грязь») зачытаў гіп-гоп у песьні «Кома», а акторка з Парыжу Мары Лё Галь агучыла тэкст у кампазыцыі «Самая халодная». Выкарыстаньне іншых моваў акрамя беларускай — яшчэ адна адметнасьць гэтага альбому. У «V» гучаць таксама француская, расейская і ангельская.
У падтрымку альбома пройдзе тур Akute па Беларусі, які стартуе 12 красавіка ў Віцебску. Далей Akute ў электронным гучаньні жыўцом змогуць пачуць Гомель, Магілёў, Менск, Берасьце ды іншыя гарады. 13 красавіка гурт стане госьцем прэміюм-выданьня праграмы Belsat Music Live. За анонсамі канцэртаў гурта можна сачыць на афіцыйных старонках УК і FB.
Альбом «V» таксама можна паслухаць і набыць на Google Play/Apple/ITunes/Яндекс.Музыка/Deezer.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ