Міхалок як закладнік уласнай творчай канцэпцыі
3551 / 3
11.12.2013

Міхалок як закладнік уласнай творчай канцэпцыі

Сяргей Міхалок аднойчы ўжо стаў закладнікам сваёй мастацкай канцэпцыі. Цяпер гісторыя паўтараецца.

Першая хваля папулярнасьці гурта «Ляпіс Трубяцкі» прыпала на няпростыя для Беларусі часы — ганебны рэфэрэндум зь вяртаньнем савецкай сымболікі, стварэньне саюзу Беларусі і Расеі, масавыя акцыі пратэсту з гэтай нагоды ды іх жорсткі разгон. Тады Міхалок маўчаў. Праз пару гадоў, калі яго гурт набыў вядомасьць на ўсёй постсавецкай прасторы, у Беларусі сталі зьнікаць палітыкі, а Канстытуцыя была зьмененая такім чынам, што першы прэзыдэнт краіны атрымаў магчымасць кіраваць вечна. Публічнай рэакцыі самага вядомага на той час за межамі краіны беларускага музыканта, на гэтыя падзеі таксама не было. Калі беларускія рок-музыкі апынуліся пад забаронай, «Ляпісы», якія на той час ужо зрабілі рэбрэндынг, ані словам, ані дзеяньнем калегаў не падтрымалі, а на прэзэнтацыі альбому «Капітал» у Палацы спорту адбудавалі максымальна паліткарэктны трэк-ліст. Трохі пазьней, ужо ў статусе забароненага музыкі, лідэр «Ляпісаў» прызнаецца: у тыя часы, калі да яго прыйшла «папсовая» папулярнасьць, ён пачуваўся не ў сваёй талерцы і фактычна стаў закладнікам мастацкай канцэпцыі.

«Тады я не выказваў свае адносіны да рэчаіснасьці ў межах свайго артыстычнага вобразу. Гэта быў бы перакос, гэта выглядала б крывадушна. Лічу, што ў межах мастацкай канцэпцыі ўсё павінна быць лягічна. Пэрсанаж Ляпіса Трубяцкога, што сьпяваў пра яблыні і Сочы, а ў сваіх інтэрвію вяшчаў бы анарха-пратэстныя лёзунгі — гэта мавэтон, так было б непрыгожа і глупа», — сказаў Міхалок у інтэрвію на Радыё Свабода.

Цяпер Міхалок стаў сабой. Прынамсі так выглядае збоку. Для творчай асобы — неверагодная радасьць казаць тое, што ты думаеш і рабіць тое, што ты хочаш. Альбом, а дакладней складанка найлепшых беларускамоўных нумароў «Ляпісаў» таму сьведчаньне. Памысьліць немагчыма было раней, каб расейская кампанія «Союз» выдала беларускамоўны рэліз. Але цяпер правілы дыктуе Міхалок, бо ён праявіў характар.

Дзякуючы вось гэтай неверагоднай моцы духу, «Ляпіса» не напаткаў незайздросны лёс граць у пары зь якімі «Жуками» на зборнай «Дыскатэцы 90-х». Гурт перанарадзіўся, набыў абсалютна іншую аўдыторыю і фактычна заняў месца нацыянальнай рок-каманды №1, якое пасьля пертурбацыяў у N.R.M. колькі гадоў заставалася вакантным. Міхалок выключыў з рэпэртуару «Лето в Белоруссии» і стаў махаць бел-чырвона-белым сьцягам. Ня ўсе яго беларускамоўныя трэкі выклікаюць захапленьне з музычнага гледзішча («Панас» і «Сонейка» — абсалютны правал), большасьць зь іх ня надта пісьменныя з гледзішча мовы, але ўсе яны пісаныя не пад чужую дыктоўку. За «Грай» ды «Ня быць скотам» на Янку Купалу Міхалку сапраўды варта пяяць хвалу. Вельмі годна выглядае і новы трэк «Месяц».

Пры гэтым лідэр «Ляпісаў» застаўся ў вобразе блазна, які па-ранейшаму эпатуе, зайгрывае з аўдыторыяй і правакуе яе. Толькі раней былі «Сочи» і «Яблони», а цяпер «Belarus Freedom» для беларускай пратэстуючай аўдыторыі і «Путинарода» для расейскай. Калісьці «міхалкоўская» іронія расчытвалася не заўжды і на песьні «Ляпісаў» рабіла рэміксы «Дискотека Авария», а цяпер пад уражаньнем ад апошніх твораў Міхалка, яго вылучаюць у прэзыдэнты. Публіцы патрэбны мэсія, які мае гатовыя рэцэпты шчасьця і за якім можна бяздумна пайсьці. Нацыянальны герой. Але Міхалок, выглядае па ўсім, нават беларускую мову вучыць не зьбіраецца і ўжо рыхтуе «рускі альбом». Мусіць, каб ізноў ня стаць закладнікам сваёй мастацкай канцэпцыі. Бо ўсё паўтараецца — частка публікі прымае яго словы за чыстую манэту. Яшчэ цытата зь Міхалка з рэдкага інтэрвію, дзе ён ня ў масцы:

«Ролю мэсіі і аракула не хацеў бы браць на сябе. Усё ж у нашым выпадку ня варта забывацца на такое паняцьце, як самаіронія. Лёзунг наш па-ранейшаму гучыць так: „Castigat ridendo mores, то бок норавы лупцуем сьмехам. А яшчэ я лічу, што найвышэйшая мудрасьць заўжды ўбраная ў адзеньне блазна. І ў гэтым пляне я адданы ўсё ж свайму сцэнічнаму і акторскаму амплюа: я па-ранейшаму блазан, штукар, гаер і забіяка. Не хачу глядзець на сьвет сур’ёзнымі і прасьветленымі вачыма. Кожны дзень я па-ранейшаму вырашаю для сябе безьліч новых пытаньняў і па-ранейшаму адчуваю сябе маленькім хлопчыкам у вялізарным сусьвеце. Таму, перад тым як браць на веру тое, што я кажу, людзям трэба прыслухацца да саміх сябе. Бо як для мяне, то галоўная задача мастака ў тым, каб ягоная творчасьць дапамагла чалавеку адкрыць яго ісьціннае „я“. Таму мой досьвед і мае словы — гэта аніякія не аксіёмы, не талмуд, не жамчужыны новай філязофскай дактрыны».

Самай сапраўднай песьняй на дыску «Грай» выглядае не аднайменны гіт ды іншыя ўзоры змагарнай лірыкі, а «Цмок ды Арол», якая становіцца ў лягічны шэраг да такіх твораў, як «Железный», «Золотая рыбка», «Шут». Якраз у гэтых песьнях увесь Міхалок, а ня ў палкіх крычалках.

Ляпіс Трубяцкі — Грай, Союз, 2013

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.org  

КАМЕНТАРЫ:

  • Алёна / адказаць
    16.12.2013 / 01:08

    усе гэтыя мастацкія прыёмы вельмі добрыя, але ўсё ж на песню Шут няма афіцыйнага кліпу

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    16.12.2013 / 12:25

    маеце рацыю

  • Алесь / адказаць
    22.12.2013 / 23:28

    На мой погляд, усё сказана ў бессмяротнай казцы дзядзькі Караткевіча "Скрыпка дрыгвы":

    "Кніг тады не было, мой сынок і мая дачухна. Кнігі былі забароненыя, укінутыя пад запор, спаленыя. А вольнасці — не было. Замест кнігі вольная была толькі песня, якую не так лёгка пасадзіць у папяровую клетку. (А калі і пасадзіш — застаюцца толькі літары, бяссільны водгук магутных гукаў.) Так што самай сільнай зброі ўсемагутныя магнаты не маглі нас пазбавіць, сынок. І як цяпер харошую кнігу рвуць з рук у рукі, так тады рвалі з зубоў у зубы і з глоткі ў глотку песню. А пясняр быў самай паважанай асобай".

    А ўжо ці Алесь Бан-Жвірба будзе першым, ці Мірак Гульнік - усё гэта другасна...

  • КАМЕНТАВАЦЬ