Цяпло
У альбомным чарце на TuzinFM возьме ўдзел дэбютны альбом пераможцаў фэстывалю «Басовішча-2011» — гурта Yellow Power.
Праца над альбомам цягнулася два гады. Удзельнікі гурта адзначаюць, што за ўвесь гэты час яны працавалі над удасканаленьнем сваіх музычных здольнасьцяў і вучыліся рабіць усё самастойна, каб пераўтварыць першасны імпульс у паўнавартасную песьню.
Інтравэртныя ды самапаглыбленыя тэксты вакаліста Дзяніса Пуцікава захоплены ў павуціньне гітарных ды сынтэтычных сугуччаў. Такі падыход нагадвае пост-панк пачатку 80-х, хоць у музычным сэнсе гэтае падабенства не настолькі відавочнае. «Альбом „Цяпло“ — першая выспа з нашай унутранай імперыі, дзе мы намагаемся адладзіць уласны музычны сусьвет без стылістычных абмежаваньняў ды клішэ», — кажуць музыкі ў анатацыі да сваёй працы.
У запісе альбому разам зь Дзянісам узялі ўдзел Ільля Пуцікаў (гітара), Іра Забэла (клявішы), Яўген Пыльчанка (бас), Дзяніс Кудраўцаў (бубны). На адну зь песень зь «Цяпла» музыкі сваімі намаганьнямі зьнялі кліп.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ