Мураш па скуры
Таленавіты выканаўца Murovei схітрыўся запісаць адметны рэп-альбом без аніводнага мацюка. А таксама бяз фальшу, штампаў, вылузваньня, нахабства і пошласьці.
Гэты выканаўца зьвярнуў на сябе ўвагу ў дуэце Slozhnie. Праект жыў шчасьліва, але нядоўга: пасьля шалёнага посьпеху ў сеціве кліпу і прэзентацыі дэбютніка, Murovei выправіўся ў сольнае плаваньне і даволі хутка самасьцьвердзіўся, выдаўшы дэбютны сінгл. Альбом «Сольны» дае ўсе падставы казаць пра зьяўленьне яркага выканаўцы, які прыйшоў усур’ёз і надоўга.
Murovei — адзін з тых самародкаў, якія душой адчуваюць, як робіцца сумленны рэп. Яго трэкі лёгкія і мэлядычныя, у нечым нават мэдытатыўныя. Тэксты пазбаўленыя штампаў, у іх няма маласэнсоўнага вылузваньня, нахабства і пошласьці. Больш за тое, у альбоме няма ніводнага мацюка! Затое ёсьць пачуцьцё меры і рытму, гуку і слова, сакавітасьць бітоў і палёт думкі. Цікавы і густоўны экспэрымэнт — выкарыстаньне жывога акардэона, праўда, толькі ў адным трэку — «Великан». Гэта яўна рэп, які паходзіць зь Беларусі, хоць і не прамаўляецца ў «Сольным» ніводнага беларускага слова. Выканаўца пазыцыянуе сябе як прадстаўнік «гораду-героя Менску», які «ня робіць фуфло». Па-беларуску яму пакуль не чытаецца, відавочна, тут уплывае расейскамоўнае асяродзьдзе і боязь быць незразумелым масам, што сілкуюцца з Rap.ru. Але хутчэй за ўсё гэта справа часу. Ён ужо высьпеў як бітмэйкер і тэкставік, справа за тым, каб зрабіцца яшчэ Асобай ды выказвацца шырэй.
У «Сольным» адчуваецца грунтоўная заява на будучыню. Можа, якраз таму ён падаецца такім недаказаным, фактычна гэта лёгкая дэманстрацыяй здольнасьцяў. Гэтая праца — як займальная гісторыя, якую толькі пачалі апавядаць. І няма сумневу, што Murovei ўжо ведае працяг.
Спампаваць альбом «Сольный» можна тут.
Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.org
КАМЕНТАВАЦЬ