
J:Морс. Сугучча з самім сабою
Адчуваньне дэжавю для альбомаў «J:Морс» — справа звыклая. Аднак паміж дэжавю і самапаўторам ёсьць малазаўважная мяжа, якую Пугач тонка адчувае, дзякуючы чаму яго творы не выглядаюць самапаўторамі.
«Воздух» — першы альбом гурта за пяць гадоў, але няма адчуваньня паўзы, бо ў адрозьненьне, скажам, ад «Рахісу» ці Вінсэнта, у якіх была такая ж адлегласьць паміж рэлізамі, «J:Морс» нікуды не зьнікаў з экранаў радараў, нагадваючы пра сябе сынгламі, кліпамі ды канцэртамі. Музыкі за сьпінаю франтмэна зьмяняюцца, аўдыторыя абнаўляецца, а Пугач піша ўсё тыя ж простыя і прадказальныя песьні, трошачкі навязьлівыя, мілыя і душэўныя. У гэтым пляне каманда нагадвае расейскі гурт «Браво», які трымаецца свайго стылю і выглядае годна, хоць там ня толькі інструмэнталісты зьмяняюцца, але і вакалісты, а пяецца пра адно і тое ж аднымі і тымі ж словамі.
Што адразу заўважаецца па праслухоўваньні — грунтоўная праца над гучаньнем. Па музыцы гэта, можа, і ня самы вынаходлівы альбом гурта, але дакладна найбольш рупліва запісаны. І яўных гітоў на дыску ня менш, чым на самых удалых альбомах каманды «Апрель» і «Монтевидео». Толькі што Пугач тут не выкарыстоўвае словаў з кампутарнага слэнгу, і гэта толькі на карысьць (затое ёсьць іншыя паэтычныя знаходкі, на якіх спатыкаесься, напрыклад, пра «злые, как Аль-Каида, лица», і «мир забытый и родной, как Малежик»). Шкада, што на гэтым альбоме гурт цалкам адмовіўся ад беларускай мовы, якая дадавала смаку ранейшым працам. Найбольш тут чапляюць «Солярис», «Не край», «Асфальт» і акустычная вэрсія «Гренландии». Вельмі талкова зроблена загалоўны трэк, толькі што перасьледуе адчуваньне, нібы гэта нявыдадзены саўндтрэк да фільму «Вышэй за неба», у чым, уласна, падмацоўвае і сам відэашэраг з новага фільму «Ро і Дж».
Зрэшты, адчуваньне дэжавю для альбомаў «J:Морс» — справа звыклая. Аднак паміж дэжавю і самапаўторам існуе малазаўважная мяжа, якую Пугач тонка адчувае, дзякуючы чаму яго творы маюць такую аўру аддалена знаёмага, недзе нібы чутага/прымроенага, але пры гэтым не выглядаюць на самапаўторы, штампаваныя па адным лякале. Гэтае сугучча з самім сабою тут ёсьць прыкметаю стылю, таму ягоным сьпевам пра «реальную любовь», «жарче, чем солнце и выше, чем небо» ды «пряничный домик» даеш веры.
«Воздух» — не выбітны, а проста харошы музычны альбом, якіх у Беларусі выходзіць зусім ня шмат.
Сяргей Будкін
КАМЕНТАВАЦЬ