2774 / 0
27.04.2019

Себякин грядёт

Праект Дзяніса Трусава перабазаваўся з Горадні ў Ханой, што знайшло сваё адлюстраваньне на новым альбоме, у запісе якога ўзялі ўдзел віетнамскія музыкі з народнымі інструмэнтамі.

Новы альбом завецца  «Себякин грядёт», паводле апошняга трэку, які ўяўляе зь сябе невялікую паэму, якую чытае Дзяніс Трусаў. Музыка цяпер жыве і працуе ў Віетнаме. Ён згуртаваў вакол свайго праекту мясцовых музыкаў. Пры тым, што гучаньне Autonomicon засталося традыцыйным для калектыву — гэта экспэрымэнтальны лоў-фай, але цяпер з выкарыстаньнем віетнамскіх народных інструмэнтаў, за якія на альбоме адказны Там Хі Фам. Акром яго ў альбоме гучыць укулеле Джоэла Колінза, саксафон Крыса Браўна, а за шумы адказная Анка Трусава. Вакал, гітару, сынтэзатары запісаў Дзяніс, ён жа аўтар тэкстаў. Альбом запісваўся ў Ханоі цягам 2018 і 2019 гадоў.

«Гэты альбом — саўндтрэк да таго, што адбываецца вакол нас. Пакуль мы зафіксавалі нашу музыку ў студыі, а цяпер рыхтуем жывую праграму для выступаў на пляцоўках у Ханоі», — кажа Дзяніс. Традыцыйна Autonomicon выконвае песьні на трох мовах — беларускай, польскай і расейскай. Вокладку дыску намаляваў мастак Алекс Навіцкі.

Альбом даступны для праслухоўваньня на Bandcamp і Soundcloud.

TuzinFM