Беларуская рапсодыя
Этна-дуэт Vera&Alex прэзэнтуе на TuzinFM свой дэбютны альбом «Беларуская рапсодыя», які прысьвечаны традыцыі мужчынска-жаночых сьпеваў а капэла.
15-гадовая Вера Саламонік і 17-гадовы Алесь Каленчыц займаюцца вывучэньнем беларускай сьпеўнай традыцыі з раньняга дзяцінства ў фальклёрным дзіцячым ансамблі «ФолькРада», якім кіруе маці Веры — сьпявачка Ірэна Катвіцкая. «Вера і Алесь гадуюцца ў сем’ях, дзе з павагаю ставяцца да роднай мовы і культуры, дзе сьпяваюць і падтрымліваюць цікавасьць у новай генэрацыі да фальклёру. Пакуль яны навучаліся ў гімназіях, заўсёды выконвалі гэтыя сьпевы на школьных канцэртах і пашыралі веды пра родную культуру як сярод вучняў, так і настаўнікаў. А цяпер прыйшоў час запісаць і выдаць гэты матэрыял», — кажа Ірэна, якая спрадусавала гэты рэліз.
«Беларуская рапсодыя» складаецца з традыцыйных мужчынска-жаночых сьпеваў а капэла. Гэта расшыфроўкі, якія выканаўцы рабілі цягам 10-гадовай сумеснай працы разам. У альбоме гучаць дыялекты Палесься, Падняпроўя і Панямоньня. Альбом выклікаў ужо станоўчыя водгукі — наведнікі курсаў «Мова нанова» назвалі галасы Веры і Алеся сьвежымі і моцнымі па энэргетыцы, адзначылі высокі ўзровень культуры традыцыйных сьпеваў прафэсіяналы зь Літвы, а слухачы зь Нямеччыны і Сэрбіі захапіліся прыгажосьцю беларускага сьпеву і папрасілі зьмясьціць тэксты, каб падпяваць.
Альбом выйшаў на амэрыканскім VG label і даступны на ўсіх асноўных лічбавых плятформах, у тым ліку Google Play, Apple Music I Spotify.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ