Пафнуцій, пясочны чалавек
Духавік «Ляпісаў» запісаў цалкам самадастатковы альбом, варты надзвычайнага захапленьня.
Павал Кузюковіч цягам больш чым 15 гадоў скакаў на ўскрайку сцэны з валторнаю ды трубою ў складзе гурта «Ляпіс Трубяцкі». Урэшце рэшт Пашу перастала задавальняць такая роля ды ён выправіўся ў вольнае плаваньне. Ён быў заўважаны ў cупрацы з гуртамі Dzivasil і Rockerjoker, а летась прадставіў сольны праект — шаманскі аркестрык Pafnutiy’s Dreams. Кузюковіч у ім паўстае зусім не Кузюковічам, а таямнічай асобай зь мянушкаю Пафнуцій Кузюкян, і прадстаўляе ён музыку, сканструяваную пад уражаньнем ад сваіх мараў і сноў. Музыкант называе сябе не кампазытарам, а саўнд-дызайнэрам.
У альбоме «The Sandman» ёсьць дзьве сапраўдныя пярліны. Найперш гэта манумэнтальны трэк «Танцуй ці памры» працягласьцю больш чым 14 хвілін, фактычна самастойная канцэптуальная п’еса, якая вартая таго, каб выдаць яе асобна. Бо ў межах альбому ёй яўна цесна. І зусім непадобны да іншых трэкаў «Мора», вельмі мілы музычны нарыс, у які ўплецены задуменны дзявочы голас, такі жывы і прыемны, з асаблівай непрыдуманай інтанацыяй. Ажно шкада, што дзяўчына гэтая зьяўляецца толькі ў адзінай кампазыцыі, яна істотна дапаўняе музыку Кузюкяна і надае ёй тую самую неабходную дадатковую эмоцыю.
У Pafnutiy’s Dreams ёсьць тое, чаго так часта бракуе ў інструмэнтальных альбомах нашых выканаўцаў — незаштампаванасьці музычнага мысьленьня і пачуцьцёвасьці. Тут музыкі ня ставяць задачы прадэманстраваць сваё дасканалае валоданьне інструмэнтамі. Умець граць/імправізаваць яшчэ ня значыць уяўляць інтарэс, як творчая адзінка. Праект Кузюкяна ў гэтым сэнсе зьява ўнікальная на беларускай сцэне, бо выконвае свае пьесы зусім не па-кабацку, захоўвае пры гэтым чысьціню і глыбіню задумы і дае прастору для слухацкае фантазіі.
«The Sandman» — пэўна самы нечаканы рэліз 2013-га, ён выйшаў 31 сьнежня. І яўна адзін з самых прывабных у нашай музыцы за мінулы год.
Pafnutiy’s Dreams — The Sandman, 2013
Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.org
КАМЕНТАВАЦЬ