Калі імпэрскасьць зьнікне як дым
2147 / 0
17.06.2014

Калі імпэрскасьць зьнікне як дым

Такое адчуваньне, што музыкі зь «Ляпіса Трубяцкога» селі на цягнік, які ня мае тармазоў. Новы альбом мае цяжкі да невыноснасьці гук, простыя да прымітыўнасьці аранжыроўкі і змрочную лёзунгавасьць. Але запальвае!

Новы альбом «Ляпісаў» — па сутнасьці, брат-блізьнюк папярэдняй працы «Рабкор» (складанка беларускіх песень «Грай» ня ў лік). Усе, хто яшчэ спадзяваўся на тое, што Міхалок з кампаніяй палегчаць музычны складнік ды адыдуць ад сацыяльнай тэматыкі, могуць быць канчаткова свабодныя. Такое адчуваньне, што музыкі селі на цягнік, які ня мае тармазоў. Вельмі цікава, куды іх урэшце занясе.

«Матрошка» мае ўсё той жа цяжкі, бескампрамісны да невыноснасьці гук, простыя да прымітыўнасьці аранжыроўкі і змрочную лёзунгавасьць у тэкстах. Анансаваная  як «рускі альбом», праца якраз высьмейвае гэтую самую «рускасьць» (чытай — «імпэрскасьць») у яе вычварэнскім разуменьні. Антыгероі альбому — тыя, хто дагэтуль схіляецца перад «карлікам картавым», крамлёўскія ідэолягі, тэлебосы-дупалізы ды іншыя «бандыты, гэбісты ды самадзержцы». Атрымліваецца, што «Ляпіс» — поўны антыпод гурту «Любэ», які якраз пяе хвалу такой рускасьці. Па фантастычным зьбегу абставінаў, рэліз альбому супаў з рашэньнем Расеі ўвесьці войскі ва Ўкраіну.

Міхалок выдатна адчувае пульс часу і дасканала ведае сваю аўдыторыю. Таму яго песьні адразу ж расьцягваюць на цытаты, а акрамя афіцыйных кліпаў зьяўляюцца цудоўныя фанвідэа. Песьню з рэфрэнам «Я живу в танке» адразу ж падхапілі фанаты World of Tanks, а «Воины света», якая музычна трохі перагукаецца з «Зорачкамі», проста выдатна легла на відэашэраг пра Майдан. Уласна, гэты трэк і ёсьць галоўным гітом альбому. Ёсьць яшчэ такі схаваны лайт-гіт на заўжды актуальную для Міхалка тэму блазанства і штукарства — «Клоуна нет». Падобныя трэкі (на ранейшых альбомах былі падобныя з настрою і пасылу «Шут», «Рыбка золотая») сьведчаць усё ж, што Міхалок ведае, дзе стоп-кран у цягніку, але пакуль нікому ня кажа.

З пункту гледжаньня музычных вартасьцяў да «Ляпісаў» ёсьць вялікія пытаньні. Яны наўмысна адмовіліся ад аб’ёмнага гуку ды багатых аранжыровак, таму слухаць іх песьні — часам вельмі няпростая праца. Затое з пункту гледжаньня ідэйнасьці «Матрошка» — ці ня самы своечасовы альбом гэтага году: ён выдатна патрапіў у настрой гэтага часу. Тым рэліз і каштоўны найперш. Дзіўна, але ён можа быць надзвычай блізкі як расейцам (адэкватным, вядома ж), так і ўкраінцам і беларусам.

Ляпіс Трубяцкі — Матрёшка, 2014

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.by