Кліп на верш Сыса ад Ilo&Friends
Гурт Ilo&Friends прадстаўляе ў першым туры відэа-чарту на «Тузіне Гітоў» кліп на песьню «Сланечнікі», напісаную на верш Анатоля Сыса. Яго стварыў рэжысэр Павал Дудка і яму была дадзена поўная свабода дзеяньняў. У выніку месцамі відэа атрымалася неадназначным.
Зрабіць відэа-ўвасабленьне песьні «Сланечнікі» Ілона Карпюк вырашыла пасьля шчыльнай супрацы з Паўлам Дудкам. Павал рыхтаваў афішы і відэа да спэктаклю «Тоеснасьць», у якім быў задзейнічаны гурт Ilo&Friends. Пасьля яшчэ рабіў графічную выяву для каляднага праекта Ілоны і Яўгена Барышнікава. У выніку менавіта Павал узяўся і за кліп на «Сланечнікі». «Ён меў абсалютную свабоду і я хацела, каб гэта была яго пэрспектыва, яго думкі, хаця зразумела шмат чаго абмеркавалі загадзя. Кліп месцамі ёсць неадназначны і такая была ідэя», - распавядае Ілона. З таго, што вынік задаволіў абодва бакі, можна меркаваць хаця б таму, што Ілона і Павал працягнулі супрацоўніцтва і надалей.
Песьня «Сланечнікі» была створаная на верш Анатоля Сыса. Яна ўжо ўдзельнічала ў песенным чарце на Tuzin.fm і ўвайшла ў лік 12 лепшых у сэзоне 2010-2011. Гэты твор для музыкаў настолькі важны, што паводле яго быў названы апошні па часе альбом гурта. Чароўны саксафон да кампазіцыі запісаў вядомы польскі саксафаніст Клаўдзі Багусловіч.
Ilo&Friends – Сланечнікі (рэжысэр – Павал Дудка). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm, фота – Budzma.org
Паэт сказаў: п'ем за Айчыну!
I кожны выпіў- за сябе...
КАМЕНТАВАЦЬ