13
5232 / 0
26.09.2013

Містычна-рамантычнае відэа ад «Кашлатага Воха»

У першым туры відэа-чарту на «Тузіне Гітоў» гурт «Кашлаты Вох» прадстаўляе кліп на сваю песьню «13», зьняты ў тэхналёгіі stop-motion.

Кліп на сваю песьню «13» музыкі з гурта «Кашлаты Вох»  вырашылі зьняць яшчэ на пачатку 2011 году. Менавіта гэты трэк быў прапанаваны на конкурс кліпаў, зробленых з фотаматэрыялаў (тэхналогія stop-motion). Яго аўтарам выступіла фатограф Kat (Catafalque) Woldemarovna, яна ж і знайшла мадэль - Леру. Сюжэт прыдумвалі разам з рэжысэркай. Як кажа вакаліст каманды Вячка Красулін, сэнс песні ў тым, што чалавек - ёсьць аб’ект назіраньня і экспэрымэнт вышэйшых сіл і ад яго, насамрэч, нічога не залежыць. Ён існуе ў абмежаванай прасторы, выйсьці за якую ў яго ніколі не атрымаецца. Фотаматэрыял для роліка здымалі ў закінутай клініцы ля галоўнага корпуса Акадэміі навук, у мэтро, на вуліцы Талбухіна, у клюбе, які некалі зваўся «Рэактар», кавярні «Грунвальд» і нават дома ў Вячкі.

Здымкі не абыйшліся без вясёлых момантаў. Так, у закінутай клініцы ў дзень, калі павінны былі адзьняць частку матэрыялу з удзелам лідэра «Кашлатага Воха», да музыкаў прычапіліся мясцовыя выпівохі. Больш за ўсё іх зьбянтэжыла, што выканаўца быў з пустым трохлітровым слоікам. Назвалі яго наркаманам і параілі зваліць. Таксама былі кадры, якія не ўвайшлі ў фінальную вэрсію роліка.
У адным дворыку Вячка знайшоў унітаз і раскалаціў яго на камэру. Жыхары  суседніх дамоў з зацікаўленасьцю сачылі з вокнаў, пакуль адбывалася экзэкуцыя. Не ўвашла сцэна, дзе Вячка быццам вырывае з свайго жывата вантробы, прабіваючы пальцамі скуру. Для візуалізацыі выкарыстоўваліся курыныя страўнікі і гуаш. Але вынік атрымаўся настолькі рэалістычны, што ніякую цэнзуру відэа не прайшло б.

У выніку кліп атрымаўся нейкім містычна-рамантычным, з элементамі псыхадэліі. Крыху ня так, як першапачаткова бачылі яго самі музыкі, але супрацай засталіся задаволеныя абодва бакі.

Кашлаты Вох – 13 (рэжысэр - Kat Woldemarovna). Зьмяшчаецца са згоды аўтараў.

Tuzin.fm