Batracka dola
5922 / 1
26.09.2013

Мы – беларусы, здольныя на бунт

У першым відэа-туры на «Тузіне Гітоў» польскі праект R.U.T.A. прадстаўляе кліп на песьню «Batracka Dola», запісаны разам зь беларускай сьпявачкай Настай Някрасавай. Ён цалкам не супадае з навязанай трактоўкай «Мы беларусы – мірныя людзі».

Кліп на песьню «Batracka Dola» здымалі рэжысэры Арманд Урбаняк і Павал Наражняк у Варшаве, у сквоце Przychodnia. Аўтары лічаць, што задумка іх працы відавочная і чытаецца адразу ж – кожны народ можа паўстаць, калі яго ўціскаць. Гэта зусім не супадае з трактоўкай, якую навязваюць беларусам («Мы беларусы – мірныя людзі»). Кліп вельмі блізкі па атмасфэры і пасылу да іншай працы – «Ня быць скотам» гурта «Ляпіс Трубяцкой».  «Batracka Dola» увайшла ў праект гурта R.U.T.A. «Na uschod. Wolnosc albo smierc», запісаны пры ўдзеле беларускай сьпявачкі Насты Някрасавай.  Даўнія пратэстныя і бунтарскія сьпевы былі злучаны з сучаснай музыкай супраціву – панкам. Цікава, што матэрыял для альбому заснаваны на аўтэнтычным фальклёрным матэрыяле зь Беларусі.

У гурце R.U.T.A. апынуліся яскравыя пэрсанажы польскае контркультуры 1980-х: Павэл «Гума» У Гумоля (гурт Moskwa) ды Робэрт Матэра (Dezerter). Акром таго, на сазе тут грае Рафал Асмоляк, гітарыст панк-групы Antydotum, моцна зьвязаны з анархічнымі рухамі. Дарэчы, адна з расшыфровак назвы R.U.T.A. – «Radykalna Unia TerrorystycznoArtystowska». Прадусар праекту Ігар Знык неяк заўважыў у інтэрвію для Tuzin.fm, што R.U.T.A. сябруе з прадстаўнікамі анархічнага руху Польшчы, але не зьяўляецца іх рэпрэзэнтантам: «Мы ня нечы голас, а свой. Мы ня будзьма выступаць у падтрымку ніякае партыі. Мы супраць усіх партыяў!»

Відавочна, што беларуская сьпявачка Наста Някрасава, што цяпер навучаецца ў Варшаве, праз R.U.T.A. адкрыла новую грань свайго голасу — агрэсіўна-панкаўскую, усьлед за этна-джазавай ды фольк-акадэмічнай. Раней Наста ўдзельнічала ў праекце NHS разам з Ірэнай Катвіцкай, мела ўласны гурт, а цяпер параллельна з R.U.T.A. працягвае выступаць з ансамблем FolkRoll. Яна і адшукала шэраг «антыпанскіх песень-праклёнаў» для плыткі «Na uschod» у зборніках Шырмы ды Кабышнікава.

R.U.T.A.  Batracka Dola (рэжэсэры – Арманд Урбаняк і Павал Наражняк). Зьмяшчаецца са згоды выдаўца Karrot Komando.

Tuzin.fm, фота - Budzma.org

КАМЕНТАРЫ: