Месяц
5261 / 0
27.01.2014

«Ляпіс Трубяцкі»: у гасьцях у казкі (відэа)

Кліп «Месяц» падзяліў прыхільнікаў «Ляпісаў» на тых, хто гатовы прыняць беларускамоўнага Міхалка і тых, хто канчаткова расчараваўся ў новай творчасьці калісьці ўлюбёнага гурта.

Адразу пасьля прэм’еры кліпа на песьню «Месяц» у сеціве распачалася зацятая дыскусія. Пытаньне тычылася найперш мовы. Расейскамоўныя прыхільнікі гурта наракалі на тое, што ім незразумелы тэкст і ледзьве з палову песьні папросту не разабраць. Адразу ж зьявіліся імправізаваныя пераклады песьні на расейскую і ўкраінскую мовы. Некаторыя прасілі «Ляпісаў» вярнуцца ў старым-добрым фармаце …Але пераважная частка з амаль васьмі сотняў камэнтароў на youtube ўсё ж станоўчая.

«Месяц» — адзін з двух зусім новых трэкаў, якія «Ляпіс Трубяцкі» запісаў для сваёй беларускамоўнай складанкі «Грай». Увасобіць яе даверылі Аляксандру Сьцекаленку, украінскаму кліпмэйкеру, вядомаму перадусім з кліпаў для «Окена Ельзи» («911», «Я до тебе», «Квітка», «Вище неба»). Аляксандар калісьці з уласнае ініцыятывы зрабіў відэа на песьню «Я верю», прычым ананімна. Гурту настолькі прыйшлася даспадобы гэтая праца, што ён зьвярнуўся праз СМІ з просьбай да аўтара адгукнуцца. Так і пачалася супраца «Ляпісаў» з украінскім рэжысэрам. Для «Ляпісаў» усяго за два гады ён зьняў відэа на песьні «Ня быць скотам», «Путинарода», «Железный», «Принцесса», «Lyapis Crew», «Танцуй».

Здымкі роліка на «Месяц» праходзілі пад Кіевам, у жніўні 2013 году. Сяргею Міхалку прыйшлася даспадобы ідэя стварыць атмасфэру ўсходнеэўрапейскіх казак ды фільмаў яго ўлюбёных кінарэжысэраў — Тыма Бэртана і Тэры Гіліяма. «Мы самі вельмі любім казкі, фантастыку, цмокаў, пачвараў, страшыдлаў, таму з радасьцю назіраем за тым, што адбываецца ў кліпе», — заявіў лідэр «Ляпісаў» па выхадзе роліку.

«Месяц» — трэці кліп на беларускамоўны трэк у відэаграфіі «Ляпісаў». Дагэтуль былі зьняты відэаролікі на «Belarus Freedom» (рэжысэр Макс Сіры) ды на «Ня быць скотам». Гэтая праца бярэ ўдзел у 4-м туры відэачарту на нашым партале.

Tuzin.fm, фота Дар’я Сінельнікава, open.ua

Ляпіс Трубяцкі — Месяц (рэжысэр Аляксандар Сьцекаленка). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.