
«СьпіноюДаСонца:Вышэй за зоры!». Каханьне ў сьне і наяве (відэа)
Гарадзенскі гурт прадстаўляе на Tuzin.fm свой дэбютны кліп «Сэрца разьбітае», у якім увасобіў свае мары і сны.
«СьпіноюДаСонца:Вышэй за зоры!» упершыню паказаў плён сваёй працы сёлета, калі прэзэнтаваў максы-сынгл «Спроба першая». На сваю новую песьню музыкі вырашылі зьняць свой першы кліп. Лідэр каманды Мікалай Скрабец кажа, што на здымкі пайшоў адзін дзень: раніцу і дзень прысьвяцілі сюжэтнай лініі, а ўвечары адзьнялі сам гурт. Усе ролі выконваюць сябры, для якіх гэта быў першы досьвед: «Праблемаў з акторамі-хлопцамі не было, а вось дзяўчыну для здымак у кліпе давялося пашукаць, доўга абтэлефанавалі ўсіх, каго мелі ў запісной кніжцы, пакуль урэшце не знайшлі», — распавядае Мікалай. Менавіта яму належыць ідэя кліпу і аўтарства сцэнару. Зьняў і змантаваў ролік Глеб Левэ.
Песьня, ясная справа, пра каханьне-растаньне. Гэтак жа наўпрост спачатку музыкі і думалі ўвасобіць сюжэтную лінію, аднак потым вырашылі, што павінна быць у роліку пэўная неадназначнасьць. Таму кожны ўспрымае вынік па-свойму. «Вось мне здаецца, што ідэя ў відэа ў тым, што калі людзі створаныя адно для аднога, то яны адно аднаму і сьніцца будуць, нават тады, калі не знаёмыя між сабой. А наш гітарыст Яўген лічыць, што гэтае відэа пра тое, што ўсё наўкол — усяго толькі ілюзіі», — кажа Мікалай Скрабец.
«СДС» мяркуюць прэзэнтаваць у выглядзе сынглу яшчэ некалькі песень, а ўвесну-лета 2015 году шчыльна засесьці ў студыі над запісам дэбютнага поўнафарматніка.
СьпіноюДаСонца:Вышэй за зоры! — Сэрца разьбіта (рэжысэры Мікалай Скрабец і Глеб Левэ). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ