Наша возьме
6788 / 0
13.01.2015

Тапор з Brutto: «Здаровыя людзі сьмялейшыя ў выказваньні сваёй пазыцыі» (відэа)

Рэжысэр, тафгай і бэк-вакаліст Brutto Дзьмітры Казлоўскі прадставіў для чарту Tuzin.fm свой відэаролік на песьню «Наша возьме» ды распавёў пра ўласнае разуменьне дарэвалюцыйнай паэзіі Якуба Коласа.

Ролік на песьню «Наша возьме» для праекту Brutto зьняў Дзьмітры Казлоўскі. Дагэтуль ён зрабіў ужо для праекту Сяргея Міхалка відэа «Underdog». Здымкамі функцыі Дзімы, якога паплечнікі клічуць «Тапаром», у Brutto не абмяжоўваюцца. Ён таксама выходзіць на сцэну ў якасьці бэк-вакаліста ды яшчэ выконвае функцыі тафгая — ахоўніка значыць. Тапор усур’ёз займацца боксам, а грошы зарабляе здымкамі кліпаў і рэклямы — ён дырэктар кампаніі «Malamoute Production». Шмат у чым дзякуючы ранейшаму роліку пра кікбаксэра Дзяніса Ганчаронка зьявілася новае відэа для Brutto. «Я раней рабіў ролікі для спартоўцаў і езьдзіў у пошуках прыгожага месца для здымак па Беларусі. Відэа з Ганчаронкам мы зьнялі ў цудоўных мясьцінах, у лясах пад Ракавам, там жа вырашылі здымаць і відэа на „Наша возьме“. Некаторыя моцна падзівіліся, калі дазналіся якія пекныя пэйзажы можна зьняць у нас», — распавядае Дзіма. Акром музыкаў з Brutto ў кліпе зьняліся гульцы каманды па амэрыканскім футболе «Ліцьвіны» — даўно ўжо рэжысэру карцела іх завабіць да працы. «Спорт увесь наскрозь прасякнуты барацьбой, а песьня якраз пра гэта — пра важнасьць матывацыі, пра змаганьне з самім сабою перадусім, з сваёй лянотаю і кепскімі звычкамі, і пра тое, што важна ў гэтай барацьбе перамагчы», — разважае аўтар відэа. Ён дадае, што яму наогул падабаецца здымаць спартоўцаў, у будучыні хоча зьвярнуцца да баскетбалістаў з каманды «Цмокі».

Тапор разумее, што Якуб Колас у вершы «Наша возьме» 100 гадоў таму пісаў зусім не пра спорт, але агульнаму сэнсу гэта не пярэчыць, на яго думку: «У здаровым целе — здаровы дух. І калі выгадаваць новае здаровае пакаленьне, то яно зможа больш сьмела выказваць свае думкі і даводзіць уласную пазыцыю. Вы разумееце пра што я кажу?»

Рэжысэр, як і ўсе ўдзельнікі калектыву Brutto спадзяюцца, што іх праца натхніць люд на новыя зьдзяйсьненьні, дасьць спору ў працы, паўплывае на прадукцыйнасьць, актыўнасьць і крэатыўнасьць у бягучых справах ды па жыцьці, а кагосьці наштурхне на думку, што варта кінуць дурное ды заняцца сабой.

Brutto — Наша возьме (рэжысэр — Дзьмітры Казлоўскі). Зьмяшчаецца са згоды гурта.

Яшчэ: Brutto: «Мы адкрываем новую эпоху ў ракенроле» (прэм’ера песьні на словы Якуба Коласа)

Tuzin.fm