Турма
4848 / 0
24.03.2015

Валеры Руселік. Веліч сьветлае душы пасярод разрабаванае хаты (відэа)

Рэжысэр кліпа «Турма», якую стварыў Алесь Дзянісаў на верш Алеся Чобата, напісаў з нагоды прадстаўленьня роліку на Tuzin.fm пранізьлівае эсэ пра свой каханы горад.

Тут усё вельмі асабіста. Гэта як споведзь, разумееце?

Я заўжды марыў здымаць Горадню. Здымаць тую, якую люблю ўсім сэрцам і якая няўмольна сыходзіць. Здымаць без пазакадравага тэксту і нічога не тлумачыць каб гледачы бязь лішніх словаў зразумелі і адчулі хоць крышку гэтую любоў. Здымаць жа Горадню немагчыма, не здымаючы гарадзенцаў тых, хто яе, Горадню, уласна і стварае. І Алесь Чобат, як па мне, дык найлепшы заходнебеларускі паэт-сучасьнік, тут, вядома ж, у першых шэрагах. Хочаце адчуць нашую гарадзенскую душу пагартайце вершы Чобата. У іх усё.

Зь дзяцінства чамусьці было перакананьне, што добры творца ня можа быць дрэнным чалавекам. Дабрыня зьява катэгарычная, яна ўва ўсім адразу. Ну бо як можа чалавек, які абуджае ў нас сваімі творамі найлепшае, быць насамрэч нягоднікам? І Алесь Чобат яшчэ адно ўвасабленьне гэтае аксыёмы.

Страціць зрок для мяне з разраду чагосьці вельмі страшнага, я й сам амаль усё жыцьцё меў вельмі слабыя вочы, пахадзіў у акулярах. А тут наагул цемра. Як не зламацца? Як жыць далей ды яшчэ і працягваць займацца творчасьцю? Тут мне Алесь Чобат вельмі нагадвае Сержука Вітушку, якога мне таксама пашчасьціла ведаць пры жыцьці. Абодва велічныя й нязломныя. Сапраўдныя волаты духу.

Паэты людзі з трагічным лёсам, гарадзенскія дык і пагатоў. Узгадайма Эдзіка Мазько, Юру Гуменюка. Таксама выдатныя нашыя паэты, найлепшыя. Сышлі. Перайшлі на той бераг Нёмну. Чобат жа трымаецца за жыцьцё. Як шчэ трымаецца і ўласна Горадня пад ударамі бульдозэраў ды ўсё большага сыходу гарадзенцаў (хто на той бераг Нёмну, хто за мяжу ці ў Менск).

Таму здымаць пра Горадню гэта і здымаць пра Алеся Чобата. Знак роўнасьці. Уласна ж ідэя кліпу гэта насамрэч такая агульнагарадзенская ідэя. Гаварылі мы пра гэта і з Алесем Дзянісавым, і з Алесем Кіркевічам, і з Андрэем Вашкевічам, чуў і ад іншых «ах, класна было б нешта такое зрабіць — НАШАЕ!». Вось вам, дарэчы, яшчэ сымбалі Горадні, хай і маладзейшае пакаленьне. Адзін пяе «Гародня, 25 сакавіка» ды «Я абвяшчаю Гародню незалежнай!», другі піша пра яе вершы, трэці — фантастычныя кнігі па гарадзенскай гісторыі ды супрацьстаіць «бульдозэрнай рэканструкцыі».

Ёсьць і гарадзенскія людзі-сымбалі, мэдыйна невядомыя, але ня меш значныя. Сярод іх, вядома ж, Юра Седзянеўскі, чалавек сьветлая душа, мой даўні сябра яшчэ па гарадзенскім краязнаўстве ды па супрацьстаяньні «бульдозэрнай рэканструкцыі». Мой аднагодка, мае сям’ю. Апякуецца Алесем Чобатам, езьдзіць да яго ў Скідзель, дапамагае ежаю, па гаспадарцы — наагул усім, чым можа. Колькі з нас, маладых эгацэнтрыстаў, гатовыя ахвяраваць свой час, частку свайго жыцьця не на аднаразовую дабрачынную акцыю, але на негалосную дапамогу іншаму чалавеку, не сямейніку, які і жыве нават далёка ня побач? Вось калі руку на сэрца хто яшчэ?

Сабраць усіх разам у адным кліпе, вядома ж, немагчыма. Вось паэтка Данута Бічэль, якая таксама апякуецца Алесем Чобатам, у апошні момант ня здолела паўдзельнічаць у здымках. Шмат у нас у Горадні харошых людзей вялікая праца наперадзе. Флейтыст Вася Валошчык, дарэчы — вось прыклад негарадзенца, які прыехаў да нас і неяк адразу стаўся часткаю Горадні. Васю ведаюць усе. Ну, ці многія. Любі, стварай добрае, вось ты ўжо і гарадзенец.

Бачаньне кліпу, дарэчы, зьмянялася некалькі разоў нават непасрэдна ў дзень здымкаў. Да апошняга чакалі сьнегу. Не дачакаліся. Зрэшты, атрымалася зусім як у жыцьці: чакаеш то сьнег, прыгадваеш, як некалі яго было ў гэтую пару навалам, але ён усё не ідзе ды не ідзе. Няма таго, што раньш было, як той казаў.

Падчас здымак было вельмі халадно. Час ад часу імжыў дождж ды біў калючы дробны сьняжок. Чобат трымаўся малайчынам, хоць нас усіх і калаціла сапраўдны волат, што тут скажаш. Ды яшчэ і шапку прынцыпова не хацеў апранаць у кадры: не і ўсё! Маўляў, я ў ёй нейкі несапраўдны!

Адвозілі паэта ўдвох зь Юрам у Скідзель. Хата пустая, безнадзейная. Страшна. Разьвіталіся. Па дарозе назад у Горадню Юра распавёў пра тое, як мясцовыя людзі, дазнаўшыся, што Чобат страціў зрок, павыносілі зь яго хаты літаральна ўсё. Прыходзяць нібы ў госьці, бяруць — хто відэлец, хто зэдлік, хто вядро якое і выносяць. Гэтак і стол вынесьлі, і ложак. Жах.

І гэта таксама Беларусь. І гэта таксама Горадня. Веліч сьветлае душы пасярод разрабаванае хаты.

Валеры Руселік, для Tuzin.fm

Алесь Дзянісаў — Турма (рэжысэр Валеры Руселік). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы