Race of Dreamers. Імправізацыя на тэму жывапісу (відэа)
Менска-гарадзенскі праект «Раса мечтателей» прадстаўляе кліп «Успамін аб глыбыні», зроблены па матывах жывапісу салісткі гурта Дар’і Багасловай.
Кліп «Успамін аб глыбыні» — экспэрымэнт суцэльны. Гэта плён супрацы музыкаў зь Юрасём Дубовікам, лідэрам гарадзенскага гурта «Вочы», рэжысэрам і апэратарам зь мясцовага ТБ. Кліп зьняты па матывах жывапісу салісткі «Расы мечтателей» Дар’і Багасловай. Сам музычны трэк уяўляе зь сябе спантаную калектыўную імправізацыю, запісаную ўжывую.
Дар’я апавядае, што галоўная сюжэтная лінія яе працаў — Сусьвет і месца чалавека ў гэтай бязьмежнасьці. Яе жывапісныя фантазіі пастаянна пераплятаюцца з музычнай тэматыкай,а асобныя карціны выкарыстоўваюцца ў афармленьні альбомаў гурта і літаратурных зборнікаў маладых паэтаў. І сама назва праекту «Раса мечтателей» паходзіць ад аднайменнай карціны Дар’і. Датычна канкрэтнага кліпу сьпявачка і мастачка кажа, што тут ідзе пра філязофскія развагі на тэму касьмічнага паходжаньня чалавечай сутнасьці: «Я зрабіла спробу адлюстраваць тонкія ўнутраныя перажываньні за межамі фізычнай абалонкі», — кажа яна.
«Раса мечтателей» або Race of Dreamers (ужываюцца абодва напісаньні) — праект, які арыентуецца на музыку этна, лаўнж, эйсыд-джаз, клясычны арт-рок і нью-эйдж. У яго складзе граюць мультыінструмэнталісты, таму і сам гурт можа гучаць па-рознаму. У кліпе «Ўспамін пра глыбіню» праект дэмантруе інструмэнтальны вэктар сваёй дзейнасьці, які палягае ў вобласьці спантанных калектыўных імправізацыяў з элемэнтамі эўрапейскага (скандынаўскага) джазу, імпрэсіянізму, этна, лаўнж і нью-эйдж. Такую «грымучую сумесь» самі музыкі называюць «іранічны джаз».
Неўзабаве Race of Dreamers пакажа сябе і зь іншага боку — музыкі рыхтуюць песенную беларускамоўную праграму на вершы Яўгенii Янiшчыц i Ларысы Генiюш.
Race of Dreamers — Успамін аб глыбыні (рэжысэр Юры Дубовік). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ