Шызафрэнія
4952 / 1
27.05.2014

Сумесь трэшу, эратызму і бруду (відэа)

Гурт Green Pills прадстаўляе ў відэачарце на Tuzin.fm кліп на песьню «Шызафрэнія» рэжысэра Аляксандра Крупіны. Са словаў музыкаў, ім карцела паказаць «тыповую шызу», каб нармальны чалавек паглядзеў ды нічога не зразумеў.

Кліп на «Шызафрэнію» Green Pills здымалі ў падтрымку экспэрымэнтальнага для гурту ЕР у сьціслыя тэрміны — мусілі пасьпець да прэзэнтацыі ў Re:Public. За працу ўзяўся Аляксандар Крупіна з КапканFilm, які здымаў ролікі для гурта Amaroka, выканаўцаў Vinsent’а i Zeman’а.

Вакаліст каманды Ян Верабей з прыемнасьцю згадвае супрацу: «Саша такі просты кампанейскі чувак, клёва было разам працаваць. Мы намагаліся зрабіць па атмасфэры сумесь трэшу, нездаровага эратызму і бруду, прыправіўшы ўсё гэта карцінкай, стылізаванай пад гранжавыя 90-я. Агулам гэта быў афігенны двіж, мы пазнаёміліся з новымі клёвымі людзьмі, якія сапраўды гараць сваёй справай. Мы часьцяком завісалі да вечару, абмяркоўвалі як і што будзе адбывацца. Нават на працы сядзелі і пастаянна ў скайпе абмяркоўвалі розныя фішкі».

Рэжысэр Аляксандар Крупіна распавядае, што кліп вырашылі зьняць у школе. Першапачаткова плянавалася, што ў тойсама, у якой былі здымкі сэрыялу «Вышэй за неба», але праз пэўныя складанасьці адмовіліся ад гэтага варыянту. Знайшлі школу ў правінцыі, дамовіліся з дырэктарам, прыцягнулі абсталяньне, зладзілі простыя дэкарацыі ды ў сьціслы тэрмін зьнялі ўсё як мае быць.

Як прызнаюцца стваральнікі ды ўдзельнікі роліку ім карцела паказаць «тыповую шызу»: «Каб нармальны чалавек паглядзеў ды ані халеры не зразумеў. Дакладней, каб кожны зразумеў па-свойму».

Што да ўласна Green Pills, то яго стан Ян Верабей вызначае як «выдатны»: «Мы трошкі зьмянілі склад, зьмянілі гучаньне, зьмянілі падыход да працы. І цяпер узмоцнена працуем». У якім кірунку цяпер рухаецца гурт можна зразумець зь іх кавэру на «Нафту» гурту «Ляпіс Трубяцкі».

Падзяку за кліп на песьню «Шызафрэнія» музыкі выказваюць таксама «Арт-сядзібе», асабіста Паўлу Белавусу, стылісту Хельге Аўдзеевіч і Надзеі Рубцэвіч, якая сыграла ролю мэдсястры.

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ: