Кліп-маналіт ад :B:N: (відэа)
У відэачарце на Tuzin.fm гурт :B:N: прадстаўляе кліп Антона Мамоненкі на песьню «Попел». Музыкі адзінагалосна вырашылі экранізаваць менавіта гэты свой твор. І не памыліліся ў выбары.
Песьня «Попел» уваходзіць у альбом «Шукай сваё», які гурт :B:N: выдаў сёлета. Калі паўстала пытаньне на якую зь песень альбому здымаць кліп, музыкі нават не паспрачаліся. «Вырашылі здымаць менавіта на „Попел“, таму што яна адразу трапіла ў лідэры сярод удзельнікаў калектыву, і усе адназначна сказалі, што бярэм яе. І рэжысэру-апэратару кліпу таксама адразу запала гэтая мэлёдыя і зьявілася ідэя», — распавядае вакаліст гурта Алесь Лютыч. Рэжысэрам і апэратарам выступіў Антон Мамоненка, які адмыслова зьняў відэа ў «попельных» танах, зрабіўшы маналітам музыку і відэа. Музыкі яго ідэю прынялі з удзячнасьцю: «Кліп атрымаўся дастаткова дынамічны, менавіта такой мы і хацелі бачыць гэтую песьню. І рэакцыя ўсіх, хто яго пабачыў была выключна станоўчая. Кліп хоць і просценькі, але насычаны дынамікай і глядзіцца на адным подыху», — сьцьвярджае Алесь. У якасьці актораў у кліпе выступілі Марына Ментусава і Арцём Ждановіч.
Песьню «Попел» напісаў тэкставік гурта Сяржук Машковіч. Ён называе гэты твор «песьняй-перажываньнем»: «Тут вядзецца пра душэўны стан чалавека, які перажывае расстаньне з блізкімі людзьмі. У такія моманты ты ня бачыш і адэкватна не ўспрымаеш тое, што адбываецца вакол, заслона шэрасьці засьцілае твой розум і позірк, і ты губляесься ў рэальнасьці. Грань дэпрэсіі надрывае тваю сьвядомасьць і не дае табе бачыць прыгожае».
«Попел» лічыцца шостым кліпам у відэаграфіі гурта, прычым папярэднія пяць ролікаў былі зьнятыя ў прамежак 2005—2008 гадоў.
:B:N: — Попел (рэжысэр Антон Мамоненка). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
Кліп не астаўляе аніякага ўражання. Хлопцы проста граюць у цемры ў перамежку з нешматлікімі вытрымкамі з асабістага жыцця сярэднестатыстычнай пары.
Але пры ўсім пры тым гэты кліп варты большага рэйтынгу, чым тая ж Мерада...
Плённай вам працы.
КАМЕНТАВАЦЬ