Shuma. Спакушэньне дып-гаўсам
У відэачарце на Tuzin.fm бярэ ўдзел відэаролік ад гурту Shuma на песьню «Рано рано», які зьнялі Зьміцер Ляўкоўскі і Марыя Манакава.
З усіх песень альбому «Сонца» гурт Shuma вырашыў увасобіць у відэа народную русальную тэму «Рано рано». Вакалістка гурту Руся кажа, што гэтым нумарам яны хочуць паказытаць слухачу нэрвы. Дзеля гэтага стварылі адпаведную атмасфэру — хваляваньня, псыхадэлічнасьці, непрадказальнасьці. «Зь беларускай і славянскай міталёгіі вядома, што русалкі спакушалі мужчынаў і казыталі ці абдымалі іх да сьмерці, таму людзі іх баяліся. У русальны тыдзень усе пазьбягалі хадзіць па адным у лес і ў поле і не купаліся. Вось гэтую таямнічасьць і містычнасьць мы імкнуліся перадаць нашай кампазыцыяй і відэа на яе». Адмыслова для «Рано рано» была запісаная дуда, якую апрацавалі такім чынам, каб яе гук стаў плаваючым і дзіўным — нібы яна гучаць праз сон.
Відэа да «Рано рано» — добры прыклад таго, як можна здымаць ролікі, ня маючы аніякага бюджэту. Праца атрымалася дзякуючы зладжанасьці творчага калектыву. За рэжысуру і мантаж адказвалі Зьміцер Ляўкоўскі і Марыя Манакава, яны ж былі ў якасьці апэратараў разам з Ксеніяй Васілёўкінай, грым зрабіла Юлія Кузіна, каардынавала працу Марыя Значонак, а прадусарам выступіў Аляксандар Багданаў.
Пачуць гурт Shuma ўжывую ў найбліжэйшы час можна ў Берасьці, на іх сольным канцэрце 9 сьнежня. Падрабязнасьці — у афішы.
Shuma — Рано-рано (рэжысэры — Зьміцер Ляўкоўскі і Марыя Манакава). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
Як вядзецца на тузіне - нармалёвыя кліпы звычайна на апошніх месцах.
КАМЕНТАВАЦЬ