Сьнег
4341 / 1
04.01.2016

Кліп на самую спрэчную песьню гурта Recha (відэа)

Андрусь Такінданг прадставіў на Tuzin.fm кліп на песьню «Сьнег», якую ён выканаў дуэтам з Палінай Рэспублікай.

Кліп на «Сьнег» здымалі ажно тры гады і вынік быў паказаны пад самы канец 2015 году. Сама песьня ўвайшла ў дэбютны альбом каманды «Перайначыць» і выклікала бадай што найбольш спрэчак сярод музыкаў Recha. «Песьня для музыкаў неадназначная, нават думалі ня ставіць яе ў альбом, але я настаяў, — распавёў Tuzin.fm Андрусь Такінданг, — Яна балянсуе на мяжы патаснага эстраднага року 90-х і кпінаў з таго ж року».

Рэжысуру і малюнкі для кліпу рабіў сам Андрусь, а здымкамі ды кампутарнай анімацыяй займаўся даўні сябра Recha Дзяніс Міжуй. Паводле сюжэту, лірычная гераіня марыць уцячы ад шэрай рэчаіснасьці, нібы Аліса з Краіны цудаў. Дзяўчо трапляе ў зачараваны лес. А музыкі яе падбадзёрваюць і заклікаюць не саступаць цяжкасьцям. У кліпе можна назіраць сумныя мастацкія супадзеньні — гераіня Паліны Рэспублікі наважваецца зьехаць ад сьцюдзёнай зімы ў сонечны Крым, а трапляе ў лес, што поўніцца стралянінай і гвалтам. Малявалася гэта яшчэ да падзеяў ва Ўкраіне. «Такі сюжэт тры гады назад мне падаваўся забаўляльным, а цяпер ён для мяне ўспрымаецца зусім па-іншаму», — кажа Андрусь. Ён прапанаваў выканаць гэты твор Паліне Паланейчык, бо лічыць, што вакал сьпявачкі мае запамінальную ды інтымную інтанацыю, якая адпавядае песьні.

Recha — Сьнег (рэжысэр Андрусь Такінданг). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm, фота Generation.by

КАМЕНТАРЫ:

  • Евгений Сергеюк
    Евгений Сергеюк / адказаць
    08.01.2016 / 15:49

    мне вельмі спадабаўся кліп) асабіста намаляваныя жывёлы)але ж і сама песня добрая на мой погляд!дзякуй выканаўцам!

  • КАМЕНТАВАЦЬ