Рэй: «У Беларусі ўкладаньні ў песьню не акупляюцца» (відэа)
Cьпявак Рэй распавёў Tuzin.fm, чаму вырашыў сказаць свай краіне «бывай» ды прадставіў кліп на сваю першую беларускамоўную песьню, які зьняў рэжысэр Макс Анацка.
Здымкі роліку на песьню «Бывай.by» праходзілі на Менскім моры пра канцы жніўня, але з надвор’ем зусім не пашэнціла. Сяргей Скуратовіч, ён жа Рэй, прыгадвае, што ўмовы склаліся ледзьве не экстрымальныя, бо было халодна. «Але ўсе выпрабаваньні прайшоў як мае быць, у тым ліку здымкі пад вадою», — з усьмешкаю кажа сьпявак, які жыве цяпер у Маскве ды супрацоўнічае з лэйблам «Студия Союз». Мясцовыя прадусары просяць яго зрабіць расейкамоўную вэрсію гэтай кампазыцыі для ратацыі на радыё, але сьпявак хоча ўсё пакінуць так, як ёсьць, і спадзяецца, што яна загучыць паўсюдна менавіта на яго роднай мове.
Ідэя дадаць графічныя эфэкты ў выглядзе арнаментаў і субтытры прыйшла ўжо ў самым канцы працы над кліпам. «Дужа карцела пазнаёміць сваіх іншамоўных слухачоў з нашай нацыянальнай сымболікай ды распавесьці пра зьмест песьні», — распавядае сьпявак пра ідэю дадаць да карцінкі тэкставы складнік. Пост-прадакшанам займаўся малады графічны аніматар Сяргей Каваленка.
Канчатковую вэрсію трэку стваралі ўжо маскоўскія саўндпрадусары — Іван Кілар і Аляксандар Муратоўскі, якія працавалі з шэрагам расейскіх поп-зорак (Сяргей Лазараў, група «Тату», Надзея Граноўская ды іншыя). Зьвядзеньне адбывалася ў Санкт-Пецярбургу на студыі Мікалая Ягорава. Саму песьню Рэй прадстаўляў ужо ў межах нашага аўдыёчарту.
Выканаўца тлумачыць так, чаму ён сказаў свай краіне «бывай!» ды працуе цяпер за мяжою. «Мне часта кажуць, што гэтая песьня ня ўпісваецца ў агульную карціну беларускай поп-музыкі і выйграе па якасьці, — кажа Рэй. — У Беларусі нямала таленавітых аўтараў, але стварэньне аранжыроўкі, запіс і зьвядзеньне адной песьні — дарагое задавальненьне, калі ўсё рабіць па высокіх стандартах. У нашай краіне такія ўкладаньні часьцей за ўсё проста не акупляюцца. Каб рабіць сапраўды якасны прадукт, трэба мець прыбытак, большы за сярэдні беларускі заробак, і быць гатовым цалкам аддаваць яго на творчасьць. Гэта, дарэчы, адна з прычын, чаму найбольш мэтанакіраваныя выканаўцы зьяжджаюць у тую ж Расею. Вядома, я вельмі рызыкую, бо разлічваць на чужую падтрымку мне не даводзіцца, але гэта маё жыцьцё і маё рашэньне».
«Бывай.by» — адзіная песьня беларускага выканаўцы з Масквы. «Пакуль адзіная», — папраўляе артыст.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ