Лясныя браты
12812 / 1
26.10.2016

Dzieciuki: «У лесе вольным жыць і камуністаў біць!»

У новым туры відэачарту на Tuzin.fm гурт Dzieciuki прадстаўляе кліп на адзін з галоўных сваіх гітоў «Лясныя браты».

Кліп на песьню «Лясныя браты» — другі ў відэаграфіі гурта. Ужо быў прэзэнтаваная анімаваная «Ладдзья роспачы», практычна паралельна ішлі здымкі відэа на «Сумнае рэгі». Здымкі адбываліся ў лясах пад Горадняй, ля мяжы зь Літвою. У якасьці актораў выступілі самі музыкі. «Гэты ролік прысьвечаны беларускаму антысавецкаму пасьляваеннаму супраціву, — распавядае рэжысэр Антон Цялежнікаў. — У ім выкарыстаныя матэрыялы фільму „Праклятыя і забытыя“, які я зьняў для каналу „Белсат“. У цэнтры сюжэтнай лініі беларус Аўген Жыхар, які вёў антысавецкую партызанку на Пастаўшчыне і Глыбоччыне з 1946 і ажно да 1955 году».

Вакаліст «Дзецюкоў» Алесь Дзянісаў кажа, што сама песьня адсылае ў тым ліку да падзеяў Другой сусьветнай і закранае тэму, пра якую дагэтуль баяцца казаць уголас: «У Заходняй Беларусі ня так шмат людзей прызнавалі саветы, пры гэтым казаць, што яны падтрымлівалі немцаў таксама нельга. Гэта песьня пра тых, хто хацеў, каб у Беларусі быў мір і спакой. І лічыў што камуністаў, што нацыстаў, аднолькавым злом». Аўтарам словаў да песьні стаў журналіст Аляксей Дзікавіцкі.

Антон Цялежнікаў зазначае, што пасьля прэм’еры на тэлеканале «Белсат» кліп «Лясныя браты» выклікаў жывую і збольшага пазытыўную рэакцыю гледачоў як да тэмы так і да самога твору. Яго гэта натхніла на стварэньне наступнага кліпу для «Дзецюкоў» — на песьню «Хлопцы-балахоўцы».

Dzieciuki — Лясныя браты (рэжысэр — Антон Цялежнікаў). Кліп зьняты для тэлеканалу «Белсат» і зьмяшчаецца зь яго згоды.

Tuzin.fm, фота Алеся Кіркевіча

КАМЕНТАРЫ: