Магільшчык Лэсьлі. Лідэр Gods Tower зьняў кліп для Atesta. І сыграў у ім галоўную ролю
Lesley Knife выступіў рэжысэрам кліпу 14-гадовай сьпявачкі Ўльляны Паўловіч на няпростую песьню — «Магільшчык», пераасэнсаваньне твору Dave Matthews Band, які ў беларускай вэрсіі прысьвечаны Яўгеніі Пфляўмбаўм, Эміліі Плятэр і Ларысе Геніюш.
У беларускай вэрсіі песьні Дэйва Мэт’юза тры выбітныя беларускі занялі месца амэрыканскіх герояў. Беларусізаваў тэкст паэт Алесь Плотка. Ён кажа: «Вядома, можна было перакласьці літаральна, але жыцьцяпіс Сайруса Джонза ды іншых асобаў, пра якіх вядзецца ў арыгінале, быў бы малазразумелы на нашых прасторах, таму героямі ў нашай варыяцыі сталі Яўгенія Пфляўмбаўм, Эмілія Плятэр і Ларыса Геніюш».
Песьня была перакладзеная для праекту Atesta, у якім саліруе 14-гадовая сьпявачка Ўльляна Паўловіч. Гэты гурт паўстаў як адказ на ейнае жаданьне займацца рок-музыкай, а прадусарам зьяўляецца тата сьпявачкі, колішні басіст такіх гуртоў, як «Новае Неба», Indiga, Naka Аляксей Паўловіч. Беларускую вэрсію «Магільшчыка» адзначыла сьпявачка і пэдагог Ірэна Катвіцкая падчас удзелу Ўльяны ў конкурсе «Засьпявай-5».
Што да кліпу, то за яго здымкі ўзяўся Lesley Knife, які паўдзельнічаў і ў запісе аўдыётрэку. Лідэр Gods Tower спрабуе сябе ў ролі кліпмэйкера і актора (чаго варты ягоны ўдзеле у праекце «Нас у Маскве не зразумеюць»). У роліку Atesta ён уласна выканаў ролю магільшчыка. «Мы хацелі распавесьці гісторыю дзяўчыны, якая праводзіць сьпірытычныя сэансы з жанчынамі мінулага і раптам разумее, што сама яна даўно мёртвая», — распавядае пра ідэю кліпу Лэсьлі.
Atesta feat. Lesley Knife — Магільшчык (рэжысэр — Уладзіслаў Наважылаў)
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ