Дарожка
3940 / 1
27.02.2017

Фольк-гурт «Рада». Калі яблыні цьвітуць

Музыкі неймаверна ганарацца сваім дэбютным кліпам на песьню «Дарожка», які зьняў рэжысэр Арцём Лобач, і радыя прэзэнтаваць яго ў відэачарце на Tuzin.fm.

Ідэя зьняць сапраўдны прафэсійны кліп на песьню «Рады» належыць Яўгену Барышнікаву. З гэтай прапановай музыкі зьвярнуліся да Арцёма Лобача. Яму належыць творчая ідэя, рэжысура і арганізацыя здымак. Здымалі відэа летась увесну. «Каб рэалізаваць задуманае, мы чакалі цьвіценьня яблынь. Складанасьць была ў тым, каб дапасаваць цьвіценьне садоў, добрае надвор’е і графік усіх удзельнікаў. Двое сутак амаль бясспыннай мітусьні і кліп быў гатоў! І тым, што атрымалася, шчыра кажучы, хочацца пахваліцца на ўвесь сьвет!» — распавядаюць удзельнікі «Рады» з нагоды прэм’еры ў чарце на Tuzin.fm. Здымкі прайшлі ў менскім офісным будынку, на запраўцы А-100 на Баравой, а таксама на хутары заснавальніка «Рады» Васіля Грыня на Валожыншчыне.

«Рада» папулярызуе традыцыйны рэгіянальны мужчынскі сьпеў. У цяперашнім складзе сьпяваюць Алег Лук’янцаў, Аляксандар Жукоўскі, Васіль Мардачоў, мастацкая кіраўнічка гурту Сьвятлана Буцкая. Удзельнікі гурту з дапамогай кліпу ды наогул сваёй творчасьці сьцьвярджаюць ідэю, што беларусы ня мусяць саромецца сваёй культуры і толькі захоўваючы яе яны будуць цікавыя ў астатнім сьвеце. Падрабязьней пра гурт, ягоную гісторыю ды праекты — на афіцыйным сайце.

Кліп возьме ўдзел у відэачарце ў сэзоне 2016/2017 з 7 туру галасаваньня.

Рада — Дарожка (рэжысэр — Арцём Лобач). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ: