Лёс
10362 / 0
15.03.2017

Mikita. Пагружэньне ў беларускую электроніку

Праект гарадзенскага музыкі Мікіты Ігнаценкі прэзэнтуе на Tuzin.fm першы кліп на першую песьню «Лёс».

«Глыбокая электронная музыка з захаду Беларусі на роднай мове», — гэтак прадстаўляе свой музычны праект Mikita музыка Мікіта Ігнаценка. Ён нарадзіўся ў Горадні, пэўны час жыў у Маскве, дзе выступаў у складзе гурту Triangle Sun у тэлешоў «Вечерний Ургант», а пасьля вярнуўся ў родны горад. Цяпер Мікіта працуе над сваім дэбютным альбомам «Мары». Сам піша музыку ды словы і робіць аранжыроўкі. «Я веру ў гэты праект і зь вялікім задавальненьнем пагружаюся ў працу над ім. Тым цікавейшы робіцца працэс, калі ўсьведамляеш: ніхто да цябе не рабіў нічога падобнага», — распавядае ён. Песьня «Лёс» — першы твор, які вырашыў паказаць музыка.

Кліп на «Лёс» быў зьняты ў адным з самых прыгожых месцаў Беларусі — на Браслаўскіх азёрах. Як распавядае выканаўца, у гэтым відэа закладзена некалькі важных сымбаляў. «Агульны ж пасыл палягае ў простай думцы: варта спыніцца, пагрузіцца ў гармонію ды падумаць пра тое, што для цябе сапраўды важна, пра тое, што ці каго ты можаш назваць сваім лёсам», — тлумачыць Мікіта. Над кліпам працавалі два чалавекі — Дзьмітры Мікалаевец (апэратар, мантаж) ды Іван Івашка (памочнік апэратара).

Сачыць за навінамі выканаўцы можна празь яго афіцыйную суполку.

Mikita — Лёс (рэжысэр — Дзьмітры Мікалаевец). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm