Мужчына можа быць пяшчотным. Кліп-мэлядрама ад Re1ikt
У першым туры відэачарту ў сэзоне 2017/2018 гурт Re1ikt прэзэнтуе кліп рэжысэра Ігара Гусева на кампазыцыю «Drobnieńki doždžyk», створаную паводле народнай песьні, якую любіў сьпяваць паэт Рыгор Барадулін.
Re1ikt па-творчаму пераасэнсаваў народны сьпеў з Вушаччыны, малой радзімы Барадуліна. Гэтую песьню паэт запісаў ад сваёй маці Акуліны, якая і перадала яму любоў да роднай мовы і культуры. У вэрсіі рок-гурту яна ня страціла сваёй мяккасьці. Музыкі зьмяшалі вальс і рок, каб перадаць эмоцыі «Дожджыку». Хацелася, як кажа лідэр каманды Алесь Дземідзенка, разбурыць стэрэатып і давесьці, што мужчына таксама можа быць пяшчотным і ўважлівым.
У сваім кліпе музыкі вырашылі аднавіць атмасфэру пачатку мінулага стагодзьдзя, дзе і разгортваецца гісторыя каханьня. Разыграць любоўную трагедыю былі запрошаны прафэсійны актор і дырэктар сярэднявечнага тэатру «ДыГрыза» Аляксей Бурносенка, а таксама паэтка, мадэль і сьпявачка Кацярына Ваданосава. Акрамя гэтага, гісторыкамі быў падабраны рэквізыт, адпаведны эпосе, больш за тое, адмыслова для здымак рэканструявалі і пашылі кашулю галоўнага героя. Для поўнага пагружэньня кліп было вырашана здымаць у музэі народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах, дзе пад адкрытым небам разьмяшчаюцца старажытныя беларускія пабудовы.
Менавіта ў такім унікальным ляндшафце і разгортваецца дэтэктыўна-мэлядраматычны сюжэт, які ўвасобіў апэратар і рэжысэр Ігар Гусеў, у мінулым музыка гурту «Дай Дарогу!», а цяпер уладальнік відэа/фотастудыі.
Кліп на «Drobnieńki doždžyk» зьявіўся шмат у чым дзякуючы самім слухачам. Re1ikt сабраў на выданьне свайго найноўшага альбому «Kufar» амаль утрая больш сродкаў, чым плянавалася, а таму атрымалася ня толькі выдаць дыск, але і зьняць відэа. Акром таго, кампазыцыя ўвайшла ў CD-праект «Песьні матчыны з Вушаччыны»
Re1ikt — Drobnieńki doždžyk (рэжысэр — Ігар Гусеў)
КАМЕНТАВАЦЬ