Лепей танчыць, чым дзяліць межы. Кліп для Shuma зьняты ў Ізраілі
Новы кліп Shuma возьме ўдзел у трэцім туры відэачарту на TuzinFM. Пра відэа «Kumachki», якое было зьнятае на поўдні Ізраілю, распавядае яго стваральніца Караліна Палякова.
Музыка Shuma стала маёю сяброўкаю вельмі лёгка ды хутка, бо ў яе гукавых абдымках я разьнявольвалася, танчыла ды сьпявала ва ўнісон, як на хаду, так і прыліпнуўшы да калёнак да канцэрце. Ногі пад біт крочаць у транс, дзе разьвіваюцца розныя сцэнары і магчымасьці: ляцець птушкаю па-над полем, плыць адарванымі лістом па плыні, несьціся галёпам па лесе. Наогул, адбываецца падсьвядомае яднаньне з прыродай, калі я слухаю гэтую музыку.
Трэк «Кумачкі», які праект Русі стварыў разам зь Яшарам Гасанавым, я пачула ўпершыню на гіпнасэсіі «Voda» і прасякнулася максымальна, ягоны рытм такі ўчэпісты, што было шкада яго забываць. Руся прапанавала зрабіць відэашэраг, і я не адпускала гэтую музыку з рэпіту колькі магла, уяўляла сабе калажы з рознымі бакамі беларускай рэальнасьці, нага пры гэтым не пераставала прыстукваць.
А потым сытуацыя склаліся так, што я на месяц затрымалася на поўдні Ізраілю, любуючыся пустыняй і каралавым рыфам. Гэта быў сапраўдны рэтрыт, якога бракавала звычайна: забыць пра тэлефон з кампутарам, знаходзіцца ў мудрым маўчаньні пустыні, пастаянна атрымліваць задавальненьне ад таго, што перад вачыма і разумець маштаб велічы плянэты. Там я пазнаёмілася з дайвэрамі, якія акрамя шпацыраў пад вадой яшчэ і здымаюць відэа. Пасьля некалькіх дзён мазгавога штурму прыйшла да высновы, што танец — гэта натуральны стан чалавека, мэдытатыўны і свабодны. Падабрала людзей, прасіла іх пад гэты трэк выконваць дзеяньні, у якіх важны балянс і канцэнтрацыя: ёга, стварэньне музыкі, BMX, бег і танец. Усе карціны разгортваюцца на фоне пэйзажаў, якія называюць часта марсіянскімі, але ж гэта куды бліжэй — на Зямлі. На той, што зьяўляецца аўтарам усяго наўкол, домам для ўсяго жывога і заслугоўвае павагі больш, чым падзелу на межы і барацьбу за іх такімі маленькімі істотамі як чалавек. Лепш танчыць.
Shuma feat. Yashar Gasanov — Kumachki (рэжысэр Караліна Палякова)
Караліна Палякова, для TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ