Mova Dreva. Беларускі фольк пусьціў карані ў Партугаліі
Этна-джазавы праект зь Лісабону прэзэнтуе ў відэачарце на TuzinFM свой дэбютны кліп на песьню «Красна сонца».
Усе кампазыцыі «Mova dreva» нараджаюцца зь беларускага фальклёру. Сам праект паўстаў пяць гадоў таму ў Лісабоне. Мясцовых музыкаў згуртавала кампазытарка Кацярына Льдокава, беларуска, якая атрымала ў Партугаліі музычную адукацыю і жыве тут. Яна імкнецца надаць беларускім народным сьпевам новае гучаньне і новы сэнс пад натхненьнем ад розных культураў і традыцыяў. Адсюль і назва. Кацярына кажа, што мэтафара «мова дрэва» адсылае ў сьвет жывой прыроды, у сьвет легендаў і паданьняў, якія напісаныя на адзінай для ўсіх мове.
Тэкст «Красна сонца» сьпявачка ўзяла з матэрыялаў экспэдыцыі Зінаіды Мажэйкі. Аўтарская музыка да яе паўстала летась увесну. А неўзабаве рэжысэр Бруну Суарэш зьняў відэа. Кацярына напісала музыку для ягонага кароткамэтражнага фільму, а ён на знак падзякі зрабіў відэакліп на «Красна сонца».
Здымалі непадалёк ад Лісабону — ля закінутага маёнтку. «Некалі тут цьвілі сады і жылі людзі, а пасьля нічога не засталося. Гэты сюжэт перагукваецца з гісторыяй песень: большасьць зь іх таксама ўжо нідзе не жыве», — заўважае сьпявачка і дадае, што яна зачараваная добрымі, сардэчнымі ды адначасова простымі ды шматграннымі беларускімі сьпевамі. І гэтае сваё захапленьне яна хоча перадаць у першым альбоме «Mova Dreva», які цяпер рыхтуецца да выданьня.
Mova Dreva — Красна сонца (рэжысэр — Бруну Суарэш)
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ