
Угар, які нельга прыдумаць. Сумесны кліп Папакуля і Пушнога
У відэачарце на TuzinFM у новым сэзоне 2018/2019 возьме ўдзел кліп «Пінокіё» расейскага гурту «Пушной band», запісаны разам зь лідэрам гурту «Апотом» Кірылам Папакулем.
Музыкі з гурта Аляксандра Пушнога жывуць ва Ўкраіне і Польшчы. Месца ўсеагульнага збору — лецішча Пушнога, дзе звычайна праходзяць рэпэтыцыі перад турам і запіс новых трэкаў. Менавіта тут і зьнялі кліп на песьню «Пінокіё». Рэжысавала ролік Алена Каліберда, якая адказвае за ўсе відэа Пушнога. Здымкі адбываліся цягам тыдня адначасова з запісам новага рэлізу Пушнога. Пра атмасфэру распавядае лідэр «Апотом» Кірыла Папакуль: «Лена прыяжджае, ставіць 10 камэраў у холе першага паверха. Як Deep Purple, калі запісвалі „Maсhine Head“ у холе закінутага гатэлю. Усе музыкі стаяць тварам адзін да аднаго і граюць. Паміж басістам і Пушным ёсьць крыху месца для мікрафона ці для дадатковай гітары. І ўвесь гэты час ці то я прыехаў запісаў ці яшчэ нехта прыехаў пайграў ды пасьпяваў. І ў выніку Пушной выдае міні-альбом з шасьці кампазыцыяў, які „Пінокіё“ завяршае».
Кірыла кажа, што перад тым, як рабіць запіс, Пушной абыйшоў усіх суседзяў і кожнаму даў па пляшцы віскі і сказаў, што наступны тыдзень будзе шумна. Папакуль зазначае, што рэжысэрскае майстэрства было ў тым, каб зафіксаваць момант, калі ўсё робіцца. Паказаць магію хуткасьці Пушнога. «У кліпе я ірву майку на сабе. Я пашкадаваў тую, у якой прасьпяваў асноўную частку песьні, і бачна як я пераапранаюся. Вось гэтая паўза пасярэдзіне кліпу, якую вытрымліваюць музыкі, пакуль саліст пераапранаецца, дае каманду „цс-цс-цс“, пачынаецца адлік і „бух“. І гэта ўгар, які нельга прыдумаць і змантаваць, гэта жыцьцё сапраўднае, якое чаргуецца са здымкамі ўжо ў Сашынай кватэры, гульнявымі ды пастановачнымі кадрамі».
Драматургічную лінію пра лялек даздымалі асобна, разам з запісам вакалу. Ролю Лісы-Алісы выканала (і адпаведна прасьпявала) Вікторыя Айзенцір, а сам Кірыла сыграў у кліпе ажно тры ролі: уласна Пінокіё, які ўзначаліў банду супэргерояў, ролю Базыліё і ролю франтмэна гурта Пушнога.
Узімку 2018-га гурт «Апотом» прэзэнтаваў трэці альбом пад назваю «Всё ещё», у якім можна пачуць арыгінальную вэрсію «Пінокіё». Музыкі зьбіраюцца нават выдаць міні-альбом з усімі вэрсіямі гэтае песьні. Акром таго рыхтуецца міні-альбом дзіцячых песень ды яшчэ ажно тры новыя кліпы. За навінамі гурту можна сачыць праз афіцыйную суполку.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ