Рэчанька
15161 / 0
01.08.2018

Naviband і Меліціна Станюта. Песьня-танец, якая распавядае пра Беларусь

Гурт Naviband разам з гімнасткаю Меліцінай Станютай прэзэнтуе ў відэачарце на TuzinFM песьню, з дапамогай якой можна распавесьці пра Беларусь, як на музычнай сцэне, так і ў гімнастычных шоў.

Кліп на народную песьню «Рэчанька» — плён сумеснай працы гурту Naviband і адной зь вядучых гімнастак у сьвеце Меліціны Станюты. «Мы часта выступаем за мяжой і падчас канцэртаў заўсёды расказваем пра Беларусь. Кожны раз менавіта „Рэчаньку“ ў нашай вэрсіі ўспрымаюць на ўра! Вось мы і падумалі, што абавязкова трэба яе запісаць. На адным з нашых канцэртаў прысутнічала Меліціна. Пачуўшы „Рэчаньку“, яна зрабіла вельмі прыгожы сольны нумар, зь якім цяпер выступае па сьвеце. Мы вырашылі, што гэта павінны ўбачыць і вы, нашыя слухачы, таму што сукупнасьць энэргіі песьні і харызмы Меліціны стварае магію», распавядаюць Ксюша Жук і Арцём Лу’яненка. Ідэю музыкаў увасобіў рэжысэр (і ўдзельнік гурта) Аляксандар Табольскі.

Меліціна Станюта зь вялікай цікавасьцю паставілася да прапановы зьняцца ў кліпе: «Неяк я гуляла ля ратушы і пачула гэтую песьню. І адразу зразумела, што гэта менавіта тое, што трэба! Некалькі месяцаў выношвала думку пра тое, што хачу паставіць нумар пад народную песьню, але ўсё ня тое было. А тут усё ідэальна. І вось да лістапада нумар быў гатовы, і ўпершыню быў прадстаўлены на самым прэстыжным гімнастычным шоў у Гішпаніі, дзе прынялі на ўра!» — распавядае гімнастка. Яна прызнаецца, што даўно любіла песьні Naviband і была шчасьліва, калі пасьля паездкі на «Эўравізію» пра гурт дазналася большая колькасьць слухачоў. «Цяпер калі за мяжой просяць паказаць нашых выканаўцаў, я з гонарам называю Песьняроў і Naviband», — зазначае Меліціна.

Naviband feat. Меліціна Станюта — Рэчанька (рэжысэр — Аляксандар Табольскі)

TuzinFM